Дзярждума Расеі дазволіла Расгвардыі ахоўваць кіраўнікоў рэгіёнаў і «іншых асобаў»

Дзяржаўная дума Расеі прыняла ў трэцім чытаньні законапраект, які дазволіць Расгвардыі забясьпечваць ахову вышэйшых службовых асобаў расейскіх рэгіёнаў і «іншых асобаў». За дакумэнт прагаласавалі 333 дэпутаты, двое ўстрымаліся.

Законапраект, які пашырае паўнамоцтвы Расгвардыі, у лістападзе 2017 году ўнёс у Дзярждуму Ўладзімір Пуцін. Мяркуецца, што закон уступіць у сілу праз паўгоду пасьля падпісаньня прэзыдэнтам. Пра якіх «іншых асобаў» ідзе гаворка ў законапраекце, не ўдакладняецца. Пералік тых, каму прадастаўляецца ахова, будзе зацьвярджаць прэзыдэнт, якому Расгвардыя падпарадкоўваецца наўпрост

Згодна з законапраектам, ахоўныя функцыі Расгвардыі будзе ажыцьцяўляць выключна на дамоўнай аснове. Тарыфы будзе ўзгадняць урад, а ўсе прыбыткі ад гэтай дзейнасьці павінны цалкам пералічвацца ў фэдэральны бюджэт.

Згодна з дзейным заканадаўствам Фэдэральная служба аховы не займаецца аховай кіраўнікоў рэгіёнаў. Прэзыдэнт можа вылучыць ахову асобным службовым асобам сваім указам.