У кіеўскім рэстаране затрымалі Міхэіла Саакашвілі. ВІДЭА

Саакашвілі ў судзе. Архіўнае фота.

У Кіеве затрымалі лідэра партыі «Рух новых сіл», былога прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі. Відэа яго затрыманьня апублікаваў паплечнік Саакашвілі Давід Сакварэлідзэ ў Фэйсбуку.

​5 лютага суд у Кіеве адхіліў апэляцыю Саакашвілі на адмову Дзяржаўнай міграцыйнай службы даць яму палітычны прытулак ва Ўкраіне. Па словах адвакатаў, зараз яго могуць экстрадаваць у Грузію. Абарона заявіла аб намеры абскардзіць рашэньне ў Канстытуцыйным судзе.

У ліпені 2017 года прэзыдэнт Украіны прыпыніў прадастаўленьне ўкраінскага грамадзянства Міхэілу Саакашвілі. Падставай для гэтага назвалі тое, што ён нібыта паказаў недакладную інфармацыю ў заяве на атрыманьне грамадзянства, і не паведаміў аб заведзеных супраць яго крымінальных справах у Грузіі.

У верасьні мінулага году Саакашвілі зьвярнуўся ў міграцыйную службу і запытаў статус уцекача.

3 студзеня 2018 году суд у Кіеве адмовіўся прызнаваць палітыка ўцекачом або асобай, якая мае патрэбу ў дадатковай абароне пасьля пазбаўленьня грамадзянства Ўкраіны.

5 студзеня Тбіліскі гарадзкі суд прызнаў вінаватым Саакашвілі ў справе аб злосным перавышэньні паўнамоцтваў на пасадзе прэзыдэнта Грузіі і прысудзіў яго да трох гадоў турмы.

Лідэр «Руху новых сіл» лічыць, што ўкраінская ўлада наўмысна паскарае разгляд справы, каб мець фармальныя падставы для яго экстрадыцыі.