«Access як вялікі брыльянт». Як працуюць праграмы ўраду ЗША для Беларусі

  • БелаПАН

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі.

Урад ЗША ў супрацоўніцтве зь іншымі арганізацыямі рэалізуе ў Беларусі мноства праграм, накіраваных на разьвіцьцё беларускай культуры, беларускай ідэнтычнасьці і ўмацаваньня незалежнасьці краіны.

Пра гэта заявіў БелаПАН часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі 26 студзеня на цырымоніі ўручэньня дыплёмаў выпускнікам двухгадовай праграмы «Access: магчымасьці для ўсіх».

«Праграма Access — як вялікі брыльянт, які ўрад Злучаных Штатаў дае таленавітым беларускім дзецям, — сказаў дыплямат. — Астатняе залежыць ад іх саміх, ад таго, як яны гэты брыльянт выкарыстоўваюць: для паляпшэньня свайго жыцьця, для дасягненьня посьпехаў у будучай прафэсіі, для паляпшэньня жыцьця ва ўсёй краіне».

Паводле Райлі, атрыманая адукацыя будзе служыць удзельнікам праграмы ўсё іх жыцьцё, зможа адкрыць ім дзьверы ва ўвесь сьвет, а таксама зможа адкрыць дзьверы Беларусі для ўсяго сьвету.

Райлі адзначыў, што завяршыўся толькі пілётны этап праекта па навучаньні ангельскай мове, у якім прынялі ўдзел школьнікі ад 13 да 15 гадоў зь Менску і Чэрвеня (Менская вобласьць). У конкурсе маглі ўдзельнічаць дзеці з малазабясьпечаных сем’яў.

Райлі: Мы пастаянна рэалізуем у Беларусі шырокі спэктар праграм.

Праект рэалізоўваецца Беларускай асацыяцыяй клюбаў ЮНЭСКО ў супрацоўніцтве з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкаму і ўпраўленьнем адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна Менску пры фінансавай падтрымцы Дзярждэпартамэнту ЗША.

Кіраўнік амэрыканскай дыпмісіі паведаміў, што ў 2018–2019 гадах праект працягне сваю працу ў Барысаве (Менская вобласьць) і Баранавічах (Берасьцейская вобласьць).

«Пакуль нашы пляны распаўсюджваюцца на два гады, але мы спадзяемся, што праграма будзе разьвівацца далей, таму што яна важная і для ЗША, і для Беларусі», — адзначыў ён.

Райлі падкрэсьліў, што Access зьяўляецца толькі часткай вялікай амэрыканскай праграмы абменаў у Беларусі, па якой беларускія студэнты, спэцыялісты і чыноўнікі адпраўляюцца ў ЗША для знаёмства са сваімі калегамі, абмену досьведам, а таксама каб даведвацца больш пра Злучаныя Штаты і расказаць пра Беларусь амэрыканцам.

«Мы пастаянна рэалізуем у Беларусі шырокі спэктар праграм. Акрамя адукацыі мы працуем і ў іншых сфэрах, напрыклад з маладымі прадпрымальнікамі, жанчынамі-прадпрымальніцамі, каб узбагачаць іх вопыт, даваць ім прылады для разьвіцьця і вядзеньня бізнэсу ў Беларусі. Таксама ў нас ёсьць праграма па падтрымцы малых і сярэдніх прадпрыемстваў; прадпрыемстваў, якія працуюць у сфэры турызму. Гэтыя праграмы накіраваны на тое, каб надаць імпульс разьвіцьцю турызму ў гэтай цудоўнай краіне. Акрамя таго, зусім нядаўна ў нас завяршыўся праект, у рамках якога мы супрацоўнічалі з музэем у Берасьцейскай крэпасьці, для таго каб зрабіць яго яшчэ больш прыгожым і лепшым», — заявіў Райлі.

Праграма Access рэалізуецца больш чым у 85 краінах. З моманту стварэньня праграмы ў 2004 годзе ў ёй прыняло ўдзел больш за 115 тыс. школьнікаў. Праграма накіравана на паляпшэньне іх навыкаў ва ўдзеле ў сацыяльна-эканамічным разьвіцьці сваёй краіны. Студэнты праграмы Access атрымліваюць шанец прыняць удзел у міжнародных праграмах абмену.