Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паляпшэньне стасункаў будзе залежаць не ад пераможцы на выбарах, — павераны ў справах ЗША ў Беларусі


Робэрт Райлі

Пэрспэктывы далейшага паляпшэньня дачыненьняў паміж ЗША і Беларусьсю будуць залежаць ад сумесных намаганьняў дзьвюх краінаў, а не ад пэўнага чалавека, які перамог на выбарах.

Такую думку выказаў журналістам павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт Райлі на прыёме, арганізаваным амэрыканскай амбасадай увечары 8 лістапада з нагоды правядзеньня ў Злучаных Штатах прэзыдэнцкіх выбараў, перадае БелаПАН.

«Я, вядома, не магу прадказваць вынік выбараў, таму што яшчэ занадта рана. Але я магу сказаць, што мы ўсе хочам, каб наступіла паляпшэньне ва ўзаемадачыненьнях. Стасункі паміж ЗША і Беларусьсю не залежаць ад якога-небудзь пэўнага чалавека, кандыдата; яны залежаць ад той сумеснай працы, якую мы можам паступова ажыцьцяўляць у рамках паляпшэньня адносінаў», — падкрэсьліў дыплямат.

Клінтан ці Трамп і што ад гэтага Беларусі — менскія экспэрты пра выбары ў ЗША

Ён адзначыў, што цяперашнія выбары адрозьніваюцца ад апошніх выбарчых кампаніяў у ЗША ня толькі палярнымі пунктамі гледжаньня кандыдатаў Гілары Клінтан і Доналда Трампа ў некаторых важных пытаньнях.

«Людзі выказваюцца адкрыта і вельмі шчыра па тых пытаньнях, якія іх турбуюць. У гэтым адрозьненьні відавочныя», — дадаў Райлі.

Чаго чакаць Беларусі ад новага прэзыдэнта ЗША? Адказваюць Чыгір, Грыб, Вайтовіч і Садоўскі

Паводле дыплямата, выбары важныя для амэрыканцаў тым, што падчас выбарчай кампаніі зьяўляюцца новыя і разнастайныя погляды і ідэі.

«Выкарыстоўваючы гэты вельмі важны рынак ідэяў, якія могуць функцыянаваць толькі пры наяўнасьці свабоды слова, мы вельмі шмат даведаемся пра тое, як працягваць будаваць нашу краіну. Самае галоўнае — амэрыканцы ведаюць, што наша дэмакратыя — гэта не адзін дзень у лістападзе раз на чатыры гады, хай нават гэта і дзень выбараў. Праца ўмацаваньня дэмакратыі працягваецца кожны дзень», — сказаў павераны ў справах ЗША.

У Злучаных Штатах галасаваньне за новага прэзыдэнта. Што варта ведаць

Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША праходзяць 8 лістапада (на раніцу 9 лістапада па менскім часе яшчэ галасуе Аляска). Асноўныя прэтэндэнты на вышэйшую пасаду — прадстаўніца дэмакратаў, экс-дзяржсакратар Гілары Клінтан і прадстаўнік рэспубліканцаў мільярдэр Доналд Трамп. Выбары ў Злучаных Штатах ня ёсьць непасрэднымі — выбарнікі галасуюць праз камісію электараў, якая складаецца зь 538 чалавек. Для перамогі кандыдату неабходна набраць 270 галасоў электараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG