Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць Беларусі ад новага прэзыдэнта ЗША? Адказваюць Чыгір, Грыб, Вайтовіч і Садоўскі


Чаго вы чакаеце для Беларусі ад новага прэзыдэнта ЗША? Што можа зьмяніцца ў беларуска-амэрыканскіх дачыненьнях пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША?

Адказваюць былы прэмʼер-міністар Міхаіл Чыгір, былы кіраўнік Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыслаў Грыб, былы старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі Аляксандар Вайтовіч і экс-амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі.

Першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне і старшыня камісіі замежных справаў у Вярхоўным Савеце 12-скліканьня Пётра Садоўскі мяркуе, што для Беларусі было лепей, каб Гілары Клінтан стала прэзыдэнтам.

Пётра Садоўскі

Пётра Садоўскі



— Калі думаць пра Беларусь, пра дэмакратычны ўплыў, то чаканая можа быць Клінтан, бо яна болей заангажаваная ва ўсходнія справы, чым Трамп. Думаю, што чыста тэарэтычна для нас лепей Клінтан. А калі прэзыдэнтам стане Дональд Трамп, то я ня ведаю чаго чакаць. З Клінтан горш ня будзе ў адносінах да нас. Мне здаецца, што асабліва нічога новага для Беларусі з боку ЗША пасьля выбараў новага прэзыдэнта не адбудзецца. Але Клінтан лепш ведае незалежныя дзяржавы Ўкраіну і Беларусь. Я думаю, што зь яе боку, магчыма, будзе нейкі станоўчы імпульс у бок усталяваньня ў Беларусі дэмакратыі, прыватнай уласнасьці і гэтак далей. Я маю на ўвазе традыцыйныя амэрыканскія каштоўнасьці. Што да Трампа, то для яго Беларусь — гэта вельмі цёмная старонка ў геаграфіі і палітыцы. Таму, чаго ад яго чакаць, я ня ведаю. Калі ўлічваць ягоныя папулісцкая заявы наконт адносінаў з Расеяй, то гэта выглядае мала пэрспэктыўным з пункту гледжаньня станоўчага ўплыву ЗША на нашу сытуацыю.

Былы кіраўнік Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб чакае, што ўсталююцца добрыя адносіны са Злучанымі Штатамі Амэрыкі.

Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб


— Хоць бы такія, якія былі напачатку 90-х гадоў. Чакаю, што мы зь імі перастанем сварыцца, і яны ў нечым нам дапамогуць. Краіна вялікая, багатая, мае і ведае чым дапамагчы. Можа гэта і здарыцца. У пэўным сэнсе гэта будзе залежыць і ад прэзыдэнта, але ў ЗША ня ўсё залежыць ад прэзыдэнта. Там яшчэ ёсьць і Кангрэс, і іншыя інстытуты ўлады. Але і ад прэзыдэнта залежыць нямала. У Амэрыцы, паводле Канстытуцыі, прэзыдэнт даволі моцны.

Былы прэмʼер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір перакананы, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў пазыцыя ЗША ў дачыненьні да Беларусі ня зьменіцца.

Міхаіл Чыгір

Міхаіл Чыгір


— Там ня ўсё залежыць ад прэзыдэнта. Ёсьць Сэнат, ёсьць іншыя структуры, таму зьмена прэзыдэнта не паўплывае на адносіны Беларусі са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Заўсёды перад выбарамі адбываюцца палітычныя гульні. Але пасьля выбараў усё будзе як заўсёды. Я не чакаю якіх-небудзь зьменаў. Я хацеў бы, каб Беларусь была адкрытая для Расеі і для ЗША, сябравала і з Расеяй, і з ЗША, і з Эўразьвязам. Толькі так можна жыць нармальна. А так мы ў ізаляцыі, і гэта вельмі дрэнна.

— Калі магчымы наступны візыт прэзыдэнта ЗША ў Беларусь? Як хутка ён можа адбыцца?

— Пакуль на гарызонце ня бачны.

— А чым новы прэзыдэнт ЗША мог бы дапамагчы Беларусі ў справе ўсталяваньня дэмакратыі?

— Пакуль будзем чакаць, што нам хтосьці дапаможа, у нас нічога не адбудзецца. Трэба разьлічваць на свае сілы.

Не чакае пераменаў і былы старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі, экс-прэзыдэнт Акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч, які ў 1994 годзе быў на сустрэчы з прэзыдэнтам Білам Клінтанам у Акадэміі навук Беларусі.

Аляксандар Вайтовіч

Аляксандар Вайтовіч


— Будзе працягвацца тая ж самая палітыка, якая да гэтага часу была. З улікам, як кажуць, бягучага моманту. Нічога новага і ўзрыўнога ня будзе. У ЗША вельмі кансэрватыўная зьнешняя палітыка. Нічога значнага ня зьменіцца ў адносінах да Беларусі, няважна хто будзе прэзыдэнтам. Я хачу, каб былі добрыя адносіны паміж ЗША і Беларусьсю, але для гэтага трэба вельмі шмат чаго зрабіць.

— А калі можа адбыцца другі візыт прэзыдэнта ЗША ў Беларусь?

— Гэта вам трэба чакаць. Я, магчыма, не дачакаюся. А можа, і дачакаюся...

Паміж намі няма звычайных нармальных дыпляматычных адносінаў. Мы не абмяняліся амбасадарамі пасьля таго, як была адпраўленая зь Беларусі апошні амбасадар ЗША, з таго часу ўжо шмат гадоў амбасадараў няма. Для таго, каб былі візыты на высокім узроўні, трэба спачатку гэтае пытаньне вырашыць.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG