Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кебіч: Пераможа Клінтан. Шушкевіч: Усё роўна, хто будзе прэзыдэнтам


Чаго Вы чакаеце для Беларусі ад новага прэзыдэнта ЗША? Што можа зьмяніцца ў беларуска-амэрыканскіх дачыненьнях пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША?

Адказваюць былыя кіраўнікі незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч і Вячаслаў Кебіч, якія абодва прымалі ў Беларусі прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана і тагачасную першую лэдзі Гілары Клінтан у 1994 годзе.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі, колішні старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч быў ініцыятарам першага візыту прэзыдэнта ЗША ў Беларусь. Што ён чакае ад новага прэзыдэнта ЗША для Беларусі?

— Баюся, нічога добрага я вам не скажу. Для мяне ўсё роўна, хто будзе прэзыдэнтам. Вось калі зьменіцца склад Сэнату і Кангрэсу, тады будзе іншая справа. А тут я ня вельмі зьвяртаю ўвагу на тое, што яны там абяцаюць, бо ў мяне ёсьць адзін прыклад. Абама абяцаў ліквідаваць Гуантанама. Гэта было ў яго такім захапляльным козырам! А нічога не адбылося. І тут. Гэтыя дэбаты — гэта спэктакль. Каго выберуць амэрыканцы, той і будзе. Па-мойму, нічога ня зьменіцца ў міжнароднай палітыцы ЗША.

— Вы пачыналі закладаць асновы беларуска-амэрыканскіх адносінаў, арганізавалі візыт Біла і Гілары Клінтан у Беларусь. У выпадку перамогі Гілары Клінтан ці праўдападобна, што вы сустрэнецеся зь ёй ізноў?

— Я не перакананы, што яна пагодзіцца са мной сустракацца. Яна будзе сустракацца зь дзеючымі кіраўнікамі. Але бяда ў тым, што амэрыканска-беларускія адносіны сапсаваў беларускі бок. Ён захацеў таго, чаго ніколі не патрабуюць ад вялікай дзяржавы. Гэта было некарэктна. Зьмена ўзроўню дыпляматычных адносінаў дрэнна адбіваецца на Беларусі, найперш на бізнэсе. Таму што ня мець магчымасьці кантактаваць з найбольш разьвітай у тэхналягічным сэнсе краінай — гэта дрэнна ў першую чаргу для Беларусі. Амэрыканцы гэтага не заўважаюць нават. А чыста з палітычных меркаваньняў трэба было паказаць вернападданасьць усходняму суседу. Я не чакаю тут ніякіх зьменаў.

— А ў выпадку перамогі Трампа ці чакаеце зьменаў? У горшы ці лепшы бок?

— Я думаю, што ён удзельнічаў у мерапрыемстве, у якім ня меў вялікага досьведу. Але ён вельмі дасьведчаны чалавек. Калі ён стварыў свае мільярды, то ён умее займацца эканамічнымі пытаньнямі. Таму тут па-ранейшаму ёсьць магчымасьць паляпшэньня нашых адносінаў з ЗША, але гэта залежыць ад беларускага боку. Ніякіх новых прапаноў Трамп для Беларусі ня зробіць.

Колішні кіраўнік ураду Беларусі Вячаслаў Кебіч не чакае нічога новага для Беларусі ад новага прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі.

— Нічога новага. А чаму я павінен нешта чакаць? Па-першае, я ўжо ведаю, хто будзе прэзыдэнтам, праўда, яшчэ ня ведаю калі.

— Хто?

— Клінтан.

— Вы ж зь ёй сустракаліся калісьці.

— Зь ёй асабіста не, а зь яе мужам. Мая жонка зь ёй сустракалася. Гэта тады, калі яшчэ ў даўнюю-даўнюю пару яны прыяжджалі з дачкой. Тады сустракаўся зь ім Шушкевіч і я. А мая жонка была ў тэатры з Гілары Клінтан.

— А што зьменіцца ў беларуска-амэрыканскіх адносінах, калі Гілары Клінтан пераможа?

— Я ня думаю, што будзе горш для Беларусі. Валтузьня будзе пасьля... Хто б не перамог там, яшчэ будуць пералічваць дзесяткі разоў галасы. Я ня ведаю, як там будзе, і наўрад ці гэтыя выбары дадуць вынік. Хутчэй за ўсё, што можа нават прыйсьці і новы чалавек пры той сыстэме выбараў, якая існуе ў ЗША.

— А калі Гілары Клінтан пераможа, ці можа яна бліжэйшым часам наведаць Беларусь?

- Не.

Чаму?

— А чаму Беларусь? Ёй хопіць і без Беларусі пытаньняў, якія трэба вырашаць. Ёй пакуль не да Беларусі. Трэба Блізкі Усход і Расею спачатку прывесьці ў парадак. Вы што, лічыце, што Беларусь гэта такая краіна, якая павінна вырашаць лёс сьвету? Нават сама пастаноўка пытаньня больш чым незразумелая.

— А калі пераможа Трамп, ці гэта паўплывае на адносіны ЗША і Беларусі?

— Тут сам Гасподзь Бог ня ведае, што будзе.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG