Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Злучаных Штатах пачалося галасаваньне за новага прэзыдэнта. Што варта ведаць


Асноўны дзень галасаваньня грамадзянаў ЗША на прэзыдэнцкіх выбарах у 2016 годзе — 8 лістапада. Традыцыйна першымі, апоўначы выбарчага дня альбо а 8-й раніцы па менскім часе, ідуць на галасаваньне жыхары Дыксвіл-Нотчу ў штаце Нью-Гэмпшыр. Кандыдаты ў прэзыдэнты ЗША прапанавалі апошнія довады выбарнікам.

«Адзіны дзень галасаваньня»

Разам з выбарам прэзыдэнта (і віцэ-прэзыдэнта, якога выбіраюць «у камплекце») перад амэрыканцамі ставяць пытаньне выбару губэрнатараў 12 штатаў і мэраў шэрагу гарадоў, а таксама мясцовых рэфэрэндумаў, аж у 156 пытаньнях у 35 штатах. Сярод іх — легалізацыя марыхуаны, дазвол на эўтаназію, падатак на салодкую газаваную ваду, вылучэньне акругі Каламбіі ў асобны штат і іншыя.

Хто пераможа?

Яшчэ за дзень перад выбарамі два асноўныя кандыдаты, Гілары Клінтан ад Дэмакратычнай партыі і Дональд Трамп ад Рэспубліканскай, мелі прыблізна роўную падтрымку. У апытаньні CBS за Клінтан прагаласавалі б 45%, за Трампа — 41% (апытаньне вялося 2-6 лістапада, статыстычная хібнасьць — 3%). Варта заўважыць, што, акрамя дваіх найбольш вядомых кандыдатаў, ёсьць і іншыя: Гэры Джонсан ад Лібэртарыянскай партыі, Джыл Стайн ад «зялёных», Дарэл Касл ад Канстытуцыйнай партыі і іншыя. У час галасаваньня амэрыканцы могуць упісваць у бюлетэні і «свой варыянт».

Рэкорднае датэрміновае галасаваньне

Паводле зьвестак electproject.org, у датэрміновым галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах узялі ўдзел прыблізна 46 млн амэрыканцаў. Усяго галасаваць могуць 219 млн, зарэгістраваліся на галасаваньне 146 млн, чатыры гады таму галасавалі 126 млн. У ліку тых, хто галасаваў датэрмінова, быў і цяперашні прэзыдэнт ЗША Барак Абама. У адрозьненьне ад Беларусі, у ЗША не было паведамленьняў пра масавае прымусовае датэрміновае галасаваньне ці масавыя фальсыфікацыі на ім.

Упершыню экзыт-полы

Мапа выбараў у рэальным часе

Шмат гадоў буйныя СМІ ў ЗША адмаўляліся даваць вынікі экзыт-полаў на прэзыдэнцкіх выбарах, каб не ўплываць на выбар грамадзянаў ці зьнізіць яўку. Але сёлета кампанія VoteCastr разам з CNN, Slate і The New York Times будуць даваць прагнозы яўкі і вынікаў у штатах, якія маюць вырашыць вынік галасаваньня: Агаё, Аёва, Вісконсін, Нью-Гэмпшыр, Нэвада, Пэнсыльванія і Флорыда.

Выбары ўскосныя

У час выбараў амэрыканцы не галасуюць непасрэдна за кандыдата ў прэзыдэнты, як гэта робяць у тым ліку беларусы. Галасы грамадзянаў вызначаюць склад калегіі электараў з 538 чалавек (для перамогі кандыдату трэба 270), выбіраюць фактычна электараў, якія абяцаюць галасаваць за таго ці іншага кандыдата (у большасьці штатаў «пераможца забірае ўсё» — за якую партыю больш галасоў грамадзянаў, за тую ўсе электары). Колькасьць электараў ад штату залежыць ад яго насельніцтва, але залежнасьць не наўпроставая, на карысьць меншых штатаў (большасьць амэрыканцаў нават можа прагаласаваць за аднаго кандыдата, а электараў больш можа выйсьці за іншага). Але электары могуць прагаласаваць і не за таго, за каго абяцалі (у некаторых штатах за гэта ёсьць адказнасьць, у некаторых — не), такіх «нядобрасумленных электараў» за апошняе стагодзьдзе было ня больш за аднаго на выбары.

Паводле інтэрнэт-апытаньня 270towin.com, за дзень перад выбарамі галасы складаліся так, што Клінтан набрала б 322 электары, Трамп — 216.

Калі вынікі?

Вынікі галасаваньня грамадзянаў маюць быць вядомыя ўжо ў ноч пасьля выбараў (у Беларусі — апоўдні 9 лістапада). Але электары, абраныя амэрыканцамі, будуць галасаваць толькі празь месяц зь лішкам, 19 сьнежня. Вынікі іх галасаваньня маюць абвясьціць 6 студзеня. І, нарэшце, 20 студзеня новы прэзыдэнт ЗША прынясе прысягу і пачне працу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG