Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ў прэзыдэнты ЗША прапанавалі апошнія довады выбарнікам


Панядзелак, апошні дзень перад галасаваньнем, кандыдатка ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан і кандыдат у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп прысьвяцілі сустрэчам з выбарнікамі ў некалькіх ключавых для выніку выбараў штатаў, дзе яны рэзка раскрытыкавалі адно аднаго.

Гілары Клінтан выступіла на мітынгах у Мічыгане і Пэнсыльваніі, спрабуючы натхніць афраамэрыканцаў і маладых выбарнікаў, чыя падтрымка неабходная ёй для перамогі на выбарах. Яна назвала свайго апанэнта фігурай, «якая не падыходзіць ні характарам, ні кваліфікацыяй» для ролі прэзыдэнта краіны. «Мы зноў павінны пачаць размаўляць адзін з адным, мы павінны прыслухоўвацца да добрых ідэяў незалежна ад таго, адкуль яны зыходзяць, — абвясьціла Гілары Клінтан, выступаючы перад студэнтамі ўнівэрсытэту Пітсбургу. — Часам, калі я слухаю свайго апанэнта, я не разумею, пра якую краіну ён гаворыць».

Дональд Трамп заканчвае выбарчую кампанію, пазыцыянуючы сябе як перакананага змагара з карумпаванай палітычнай клясай. «Цалкам маніпуляваная сыстэма абараняе Гілары Клінтан. Справа за амэрыканскім народам, які можа вяршыць правасудзьдзе заўтра ў выбарчых скрынях», — абвясьціў на мітынгу ў Флорыдзе Дональд Трамп. Ён прапануе сябе ў ролі сымбалічнай фігуры, здольнай тварыць цуды: «Калі вы хочаце, каб ажыцьцявіліся мары, якія вы зьвязваеце з вашай краінай, з вашай сям’ёй, у вас ёсьць цудоўны шанец», — пераконвае Дональд Трамп амэрыканцаў.

За дзень выбараў вынікі апытанняў грамадзкай думкі выглядаюць менш абнадзейлівымі для кандыдата Рэспубліканскай партыі. Агульнанацыянальны разрыў паміж Клінтан і Трампам, паводле рэспэктабэльнага сайту RealClearpolitics, павялічыўся амаль да 3 адсоткаў. Агульныя настроі, зрэшты, цяпер не настолькі істотныя, як настроі ў палове дзясятка ключавых штатаў, чые выбарнікі схіляць выбары на карысьць таго ці іншага кандыдата. Кандыдату неабходна набраць галасы 270 выбарнікаў, якія прадстаўляюць 50 штатаў прапарцыйна іх насельніцтву. Паводле падлікаў экспэртаў, у Дональда Трампа застаецца тэарэтычная магчымасьць перамогі на выбарах, нават калі ён не атрымае бальшыні галасоў выбарнікаў, але для гэтага яму неабходна атрымаць перамогу ў пяцёрцы-шасьцёрцы ключавых штатаў, дзе кандыдаты б’юцца зь пераменным посьпехам. Гілары Клінтан, паводле ацэнкі газэты The Wall Street Journal, дастаткова ў аўторак перамагчы суперніка толькі ў адным з гэтых штатаў: Флорыдзе, Агаё, Паўночнай Караліне або Пэнсыльваніі, каб пазбавіць суперніка перамогі. Яе задача відавочна прасьцейшая, але посьпех тым ня менш не гарантаваны. Адзін зь вядучых амэрыканскіх аналітыкаў Нэйт Сыльвэр вызначае шанцы Клінтан на перамогу ў 70 адсоткаў, на 5 адсоткаў больш, чым тры дні таму.

Вырашальнай і ня вельмі сакрэтнай зброяй кандыдата дэмакратаў можа стаць выбарчы мэханізм Дэмакратычнай партыі, які зладжана і дакладна функцыянуе. На яе перадвыбарчы штаб працуе вялікая група статыстыкаў і сацыёлягаў, якая вызначае найменшыя ваганьні грамадзкай думкі і дазваляе Клінтан апэратыўна адгукацца на зьмены настрояў людзей. У дасье штабу знаходзяцца найпадрабязьнейшыя сьпісы выбарнікаў, якія ў свой час зьбіралі для перадвыбарчай кампаніі Барака Абамы і якія былі абноўленыя сёлета. У кожным з штатаў у Клінтан ёсьць разгалінаваная сетка валянтэраў, гатовых у аўторак грукацца ў дзьверы прыхільнікаў Гілары Клінтан, заклікаючы іх пайсьці на галасаваньне. У перадвыбарчым арсэнале Клінтан — прэзыдэнт Барак Абама і папулярная першая лэдзі краіны, якія ў апошнія дні ўдзельнічаюць у перадвыбарчых сустрэчах з выбарнікамі. На баку Клінтан зоркі спорту і поп-культуры. У нядзелю на яе мітынгу ў Агаё выступіў баскетбаліст Лебран Джэймс, а ў панядзелак легендарны Брус Спрынгстын выйшаў з гітарай на подыюм на мітынгу прыхільнікаў Клінтан у Філядэльфіі. Дональд Трамп, ад якога публічна адвярнуліся некаторыя вядомыя рэспубліканцы, напрыклад старэйшы прэзыдэнт Буш, які заявіў пра намер галасаваць за Клінтан, заявіў, што эксплюатацыя Гілары Клінтан зорак — гэта «падман», што паводзіны дэмакратычнага кандыдата «прыніжаюць палітычны працэс».

Між тым за некалькі гадзінаў да пачатку галасаваньня амэрыканскія спэцслужбы гатовыя да адлюстраваньня патэнцыйнай кібэратакі, мэтай якой можа стаць унясеньне сумятні падчас галасаваньня і падліку галасоў, паведамляе тэлеканал NBC. Паводле крыніцаў у адміністрацыі Абамы, у кібэрцэнтрах розных міністэрстваў і фэдэральных агенцтваў у дзень выбараў будуць дадаткова мабілізаваныя сотні спэцыялістаў, якія сачыцьмуць за магчымымі атакамі замежных хакераў у амэрыканскія інтэрнэт-сеткі. Будзе весьціся назіраньне за магчымым укідам сфальсыфікаванай інфармацыі і распальваньнем чутак у сацыяльных сетках. Спэцыялісты прызнаюць, што апэратыўна выявіць і заблякаваць уварваньне будзе зусім ня лёгка, але прадстаўнікі Пэнтагону нагадваюць, што ў кібэркамандаваньня Пэнтагону ёсьць магчымасьці нанесьці вельмі адчувальны адказ у выпадку кібэратакі на амэрыканскую інфраструктуру. Адрасат удару ў адказ не называецца, але экспэрты адкрыта гавораць пра Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG