Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцслужбы ЗША рыхтуюцца да адбіцьця расейскіх кібэратак у дзень выбараў


Злучаныя Штаты прымаюць беспрэцэдэнтныя меры па адбіцьці магчымых спробаў з боку расейскіх хакераў паўплываць на ход галасаваньня падчас прэзыдэнцкіх выбараў 8 лістапада, паведамляе тэлекампанія NBC са спасылкай на амэрыканскіх прадстаўнікоў.

У распрацоўцы контразахадаў, якую каардынуе Белы дом, удзельнічаюць Міністэрства ўнутранай бясьпекі, ЦРУ, службы Пэнтагону, Агенцтва нацыянальнай бясьпекі. Злучаныя Штаты валодаюць самымі перадавымі ў сьвеце сродкамі вядзеньня кібэрвайны, паведаміў NBC высокапастаўлены прадстаўнік выведкі. Спэцыялісты Пэнтагону, паводле яго словаў, знайшлі доступ да энэргасыстэмы Расеі, яе тэлефонных сетак і электронных сродкаў кіраваньня войскамі і змогуць паразіць іх, але толькі ў адказ на кібэратакі Расеі на ключавыя аб’екты інфраструктуры ЗША.

Расея папярэджаная, паводле дадзеных тэлекампаніі, што ўмяшаньне ў працэс галасаваньня або падліку бюлетэняў будзе разглядацца як сур’ёзная пагроза бясьпецы ЗША.

«Расея паводзіць сябе агрэсіўна, і Злучаныя Штаты на самым высокім узроўні працуюць над тым, як парыраваць яе выпады», — заявіў былы амэрыканскі амбасадар у Маскве Майкл Макфол.

Прынятыя 21-га кастрычніка маштабныя хакерскія напады, якія заблякавалі на некалькі гадзінаў такія папулярныя сайты, як PayPal і Amazon, Міністэрства ўнутранай бясьпекі характарызуе як генэральную рэпэтыцыю перад 8-ым лістапада.

Разглядаюцца розныя магчымыя сцэнары расейскіх кібэратак: ад адключэньня часткі сыстэмы электразабесьпячэньня або інтэрнэту да больш верагодных схемаў, якія палягаюць у распаўсюдзе дэзінфармацыі ў Twitter, Facebook і іншых сацыяльных сетках. Напрыклад, распаўсюд ілжывых зьвестак пра аднаго з кандыдатаў непасрэдна перад пачаткам галасаваньня, каб не пакінуць амэрыканскім СМІ час на выкрыцьцё падману да таго, як адкрыюцца выбарчыя ўчасткі. Нешта падобнае, лічыць Вашынгтон, Расея рабіла падчас нядаўніх парлямэнцкіх выбараў у Чарнагорыі.

Разам з тым, паводле ацэнкі амэрыканскай выведвальнай супольнасьці, хакеры, нават калі яны маюць падтрымку дзяржавы, наўрад ці змогуць зьмяніць вынікі агульнанацыянальных выбараў з-за дэцэнтралізацыі выбарнай сыстэмы ЗША, а таксама сродкаў абароны, якія выкарыстоўваюцца мясцовымі і штатнымі органамі, у прыватнасьці, дзякуючы таму, што сыстэмы электроннага падліку галасоў не зьвязаныя з інтэрнэтам.

XS
SM
MD
LG