Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі дыплямат парэкамэндаваў уладам Беларусі паляпшаць імідж


Робэрт Райлі

«Залежачы эканамічна ад кагосьці, вы будзеце залежныя і ва ўсім астатнім», — заявіў кіраўнік дыпмісіі ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі на міжнароднай канфэрэнцыі «Эканамічная бясьпека ў глябалізаваным сьвеце».

«Для прыцягненьня доўгатэрміновых інвэстараў Беларусі неабходна паляпшаць свой імідж», — заявіў часова павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі, выступаючы 2 чэрвеня ў Менску на міжнароднай канфэрэнцыі «Эканамічная бясьпека ў глябалізаваным сьвеце».

Паводле яго, у іншаземцаў, якія прыяжджаюць у Беларусь, ужо ёсьць ўяўленьне аб краіне, складзенае на падставе яе іміджу:

«І гэты імідж ня вельмі пазытыўны, — цытуе дыплямата БелаПАН. — Патрэбны перамены, бо доўгатэрміновым інвэстарам патрэбны вяршэнства закону і дакладныя правілы працы».

Паводле Робэрта Райлі, прадстаўнікі МЗС і Міністэрства фінансаў Беларусі, зь якімі ён сустракаўся, разумеюць неабходнасьць пераменаў у краіне, паляпшэньня яе іміджу, і працуюць над гэтым.

«Ні амэрыканскі, ні нямецкі ўрад ня будуць займацца тым, каб прывозіць інвэстараў у Беларусь. Можам толькі дапамагчы, але нам патрэбны інструмэнты для гэтага. Мы працуем з МЗС і іншымі ведамствамі, каб кожны дзень адкрываць прывабнасьць вашай краіны», — сказаў Райлі.

Амэрыканскі дыплямат перакананы, што інвэстары могуць узмацніць і эканамічную бясьпеку краіны:

«Калі вы хочаце быць сапраўды незалежнымі, вам трэба працаваць над эканамічнай бясьпекай. Будучы эканамічна залежным ад кагосьці, вы будзеце залежныя і ва ўсіх астатніх сэнсах. 30-гадовы чалавек, які атрымлівае грошы ад бацькоў, ня можа гаварыць, што ён незалежны. Таксама гэта тычыцца і дзяржаў», — прыводзіць БелаПАН словы кіраўніка дыпляматычнай місіі ЗША ў Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG