100 вядомых жанчын асудзілі кампанію «нянавісьці да мужчын»

Француская акторка Катрын Дэнёў.

Сто вядомых жанчын асудзілі хвалю «нянавісьці да мужчын», якая ўзьнікла пасьля сэрыі скандалаў, зьвязаных з сэксуальнымі дамаганьнямі.

Адкрыты ліст, які падпісалі, у тым ліку француская акторка Катрын Дэнёў, нямецкая акторка Інгрыд Кавэн і француская пісьменьніца Катрын Міле, апублікавана ў газэце Le Monde.

На думку аўтарак ліста, толькі гвалт, але не бестактоўны флірт зьяўляецца злачынствам. Галянтнасьць не ўяўляе сабой мужчынскую агрэсію, — адзначаюць яны. На іх думку, разгорнутая ў ЗША кампанія супраць сэксуальных дамаганьняў зьяўляецца пурытанствам. Павышаная ўвага да злачынстваў на сэксуальнай глебе пераходзіць да паўсюднага цкаваньня, заяўляюць аўтаркі ліста. Некаторыя вядомыя мужчыны сталі ахвярамі абвінавачваньняў у дамаганьнях. Яны былі вымушаныя сысьці ў адстаўку з прычыны спробаў дакрануцца да калена або пацалунку, гаворыцца ў адкрытым лісьце.

«Жанчыны выходзяць з-пад кантролю». Бахарэвіч, Халезін і Цыганкоў пра новыя ролі і правілы

Аўтаркі ліста называюць права мужчын «прыставаць да жанчын» неад’емнай часткай сэксуальнай свабоды.

«Згвалтаваньне — гэта злачынства. Але настойлівы або нязграбны флірт не зьяўляецца парушэньнем, як галянтнасьць не ўяўляе сабой агрэсіўны мачызм. У сьвятле справы Вайнштэйна было прыцягнутая законная ўвага да праблемы сэксуальных дамаганьняў. Гэта было неабходна. Аднак гэтая свабода слова сёньня прыводзіць да процілеглага: прымушае нас казаць так, як трэба, прымушае маўчаць нязгодных. А тых, хто адмаўляецца падладзіцца пад гэтыя патрабаваньні, лічаць здраднікамі, памагатымі».

У апошнія месяцы ў ЗША разгарэлася мноства скандалаў, зьвязаных з сэксуальнымі дамаганьнямі. Першым у дамаганьнях і згвалтаваньнях быў абвінавачаны галівудзкі прадусар Гарві Вайнштэйн. Больш за дзесятак жанчын, у тым ліку некалькі вядомых акторак, паведамілі пра тое, што яны былі аб’ектамі прыставаньня з боку прадусара, які патрабаваў інтымнай блізкасьці ў абмен на магчымасьць зьняцца ў яго фільмах. У сэксуальных дамаганьнях таксама абвінавацілі экс-прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша — старэйшага, Кэвіна Спэйсі, Чарлі Шына, Пола Хагіса, Сільвестра Сталонэ, Стывена Сігала, Олівэра Стоўна і іншых.

На пачатку гэтага году каля 300 чалавек — зоркі Галівуду, супрацоўнікі кінаіндустрыі і тэлебачаньня заснавалі рух Time’s Up ( «Час выйшаў»), у рамках якога маюць намер змагацца з сэксуальным гвалтам і дыскрымінацыяй.