«Трымаў мікрафон». Суд аштрафаваў журналіста-фрылансэра за сюжэт для «Белсату»

Андрэй Толчын у судзе, 30 лістапада 2017 году

30 лістапада суд Чыгуначнага раёну Гомля аштрафаваў журналіста-фрылансэра Андрэя Толчына на 25 базавых велічыняў (575 рублёў) за сюжэт на тэлеканале «Белсат» «40 градусаў, пагрозы і вада з прыбіральні».

Напярэдадні той жа судзьдзя Яўген Шаршнёў за гэты ж матэрыял пакараў штрафам у 690 рублёў гомельскага незалежнага журналіста Кастуся Жукоўскага, прызнаўшы яго вінаватым у вырабе і распаўсюдзе сюжэту для польскага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат» без акрэдытацыі ў беларускім МЗС.

Андрэй Толчын патлумачыў, што 3 кастрычніка быў каля прадпрыемства «Каштан», каб абараняць Жукоўскага ад «непісьменных міліцыянтаў, неадэкватных асобаў, якія, бывае, кідаюцца на чалавека зь відэакамэрай». А яшчэ — трымаў мікрафон і вёў перамовы з нарадам міліцыі, які прыехаў да прахадной на выклік ахоўнікаў.

«На відэа бачна, што вы стаіце зь мікрафонам побач з маладым чалавекам. Вы бралі ўдзел у апытаньні?» — пацікавіўся судзьдзя ў Андрэя Толчына.

«Я трымаў мікрафон, але пытаньняў не задаваў, — адказаў Толчын. — Я гутарыў толькі зь міліцыянтамі, тлумачыў, што відэаздымкі робяцца ў грамадзкім месцы — Канстытуцыяй гэта не забараняецца. У мяне няма працоўных дамоваў з аніякімі СМІ — ні зь беларускімі, ні з замежнымі».

Судзьдзя Шаршнёў пагадзіўся, што распаўсюду відэаздымкаў няма. Аднак ёсьць выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі — Толчын трымаў мікрафон.

«Міліцыя не высьвятляе, ці зьяўляюцца фрылансэры супрацоўнікамі таго ж „Белсату“. Суды гэтая акалічнасьць таксама ня надта цікавіць. Далі штраф — папоўнілі бюджэт. А што на прадпрыемстве, чаго людзі абураюцца — гэта ўжо мала каго цікавіць», — сказаў пасьля прысуду Андрэй Толчын.

Сёлета гэта ўжо пяты штраф фрылансэру Толчыну паводле часткі 2, артыкула 22.9 КаАП. Агулам сума штрафаў склала 3795 рублёў.