Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя суды ў Гомелі — судзяць інваліда за інфармацыю ў «Фэйсбуку»


У Гомелі новая хваля судоў над удзельнікамі масавых акцыяў пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3. Гэтым разам судзяць тых, хто піша ў сацыяльнай сетцы пра марш пратэсту 25 сакавіка.

У Цэнтральным судзе ў 9.15 пачнецца разгляд адміністрацыйнага пратаколу у дачыненьні да інваліда Андрэя Макарава, складзенага начальнікам аддзелу аховы грамадзкага парадку Цэнтральнага РАУС падпалкоўнікам міліцыі Ўладзіславам Шукелем паводле артыкулу 23.34 КаАП. Інваліда вінавацяць у закліках на несанкцыянаваную акцыю пратэсту, распаўюджаных праз «Фэйсбук».

Андрэй Макараў
Андрэй Макараў

Андрэя Макарава ўжо аштрафавалі на 25 базавых велічыняў за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які адбыўся ў Гомелі 19 лютага.

«У бюджэце грошыкі скончыліся, — сказаў адразу пасьля прысуду інвалід Макараў. — Пару чалавек пасадзілі на суткі, каб прыдаць страху, а з нас маюць грошы цыганіць. Саджаць будуць 25-26 сакавіка».

Андрэй Макараў стаў інвалідам, калі служыў у паветрана-дэсантных войсках. Іх падразьдзяленьне кінулі на разгон дэманстрантаў у Азэрбайджане ў 1990 годзе. Там ён атрымаў удар жалезным прутом у правае брыво і вока. Пасьля дэмабілізацыі працаваў на прадпрыемстве таварыства сьляпых «Віпра», але яно збанкрутавала. Жыве Макараў зь сям’ёю на ягоную сьціплую пэнсію па інваліднасьці.

«Патрэбны эканамічныя рэформы і свабодныя выбары. Інакш Беларусь ня выжыве», — лічыць інвалід Макараў.

У судзе Чыгуначнага раёну сёньня па абедзе пачынаюцца суды над Мікалаем Пяшко і моладзевым актывістам, блогерам Арцёмам Шарапавым. Іх таксама міліцыя абвінаваціла ў распаўсюдзе ў «Фэйсбуку» заклікаў да ўдзелу ў акцыі пратэсту на Дзень Волі.

Мікалай Пяшко
Мікалай Пяшко

У гэты ж час у Савецкім судзе Гомелю маюць судзіць за такія ж «правіннасьці» грамадзкіх актывістаў Андрэя Толчына і Юрася Захаранку. Апошні зь іх — інвалід, капітан запасу, ачольвае мясцовую арганізацыю Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). На прэзыдэнцкім выбарах 2010 году быў рэгіянальным кіраўніком выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча. Неаднаразова караўся штрафамі і арыштамі.

Андрэй Толчын
Андрэй Толчын

Юрась Захаранка
Юрась Захаранка

Напярэдадні ў тым жа Савецкім райсудзе разглядаўся адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП у дачыненьні да распаўсюдніка незалежных газэт Аляксандра Процкі. Міліцыя абвінаваціла яго, што праз улёткі ён заклікаў 25 сакавіка на «Марш недармаедаў-2».

Актывіст прад’явіў суду арыгінал той самай улёткі, у якой няма заклікаў, а ёсьць запрашэньне на адкрытае грамадзкае абмеркаваньне фармату правядзеньня «Маршу недармаедаў-2».

Аляксандар Процка
Аляксандар Процка

Апрача таго, Аляксандар Процка хадайнічаў прыкласьці да матэрыялаў адміністрацыйнай справы рашэньне Камітэту ААН у правах чалавека, які прызнаў, што ягоныя правы былі парушаны ў 2009 годзе ў Брагіне падчас раздачы запрашэньняў адзначыць угодкі чарнобыльскай катастрофы. Процку за тыя ўлёткі-запрашэньні аштрафавалі.

Судзьдзя Аляксандар Мохараў, які разглядаў адміністрацыйную справу ў дачыненьні Процкі, далучыў рашэньне Камітэту ААН да справы і вярнуў яе ў міліцыю на дапрацоўку.

XS
SM
MD
LG