Міністэрства абароны: «Беларусі ніхто не праціўнік, але кааліцыя ў нас з Расеяй»

Вучэньні «Захад-2017»

Прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў падчас брыфінгу па выніках другога дня вайсковых вучэньняў «Захад-2017» пракамэнтаваў іх сцэнар.

На пытаньне замежнага журналіста, ці пад «дывэрсантамі», супрацьстаяць якім трэніруюцца расейскае і беларускае войскі, маюцца на ўвазе групы «пры падтрымцы Захаду», Уладзімер Макараў адказаў:

«Ёсьць вайсковая дактрына Рэспублікі Беларусі. Рэспубліка Беларусь не разглядае ніводную дзяржаву ў якасьці праціўніка. Мы не разглядаем ніводную зь дзяржаваў Захаду, у тым ліку тыя, якія ўваходзяць у альянс, у якасьці праціўніка. І робім усё для таго, каб праціўнікаў у нас не было і надалей...

Але пры гэтым рэалізуецца кааліцыйная вайсковая палітыка. І яе прыярытэтны кірунак — гэта вайскова-тэхнічная супраца з Расейскай Фэдэрацыяй».

Сцэнар вучэньняў «Захад-2017» часткова раскрыў 12 ліпеня на форуме АБСЭ ў Вене намесьнік кіраўніка генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі генэрал-маёр Павал Муравейка. Паводле яго, на вучэньнях будзе распрацаваная мадэль канфлікту паміж «Паўночнымі» (Беларусь і Расея) і «Заходнімі» (кааліцыя трох дзяржаваў-агрэсараў: Вяйшнорыі, Весбарыі і Лубеніі). Паводле сцэнара, «Заходнія» спрабуюць раскалоць саюз Беларусі і Расеі, пагоршыць сацыяльна-эканамічную абстаноўку ў першай, дамагчыся там зьмены кіраўніцтва і, выкарыстоўваючы ўсё гэта, захапіць частку Беларусі і стварыць там дзяржаву пад назвай «Вяйшнорыя». Пасьля гэтага «Заходнія» зьбіраюцца ўвесьці свае войскі на тэрыторыю ўсёй краіны. «Паўночныя», адпаведна, павінны гэтым плянам супрацьстаяць.