Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны Эстоніі: «Адрозна ад Беларусі, Расея не запрасіла назіральнікаў АБСЭ на „Захад-2017“»


На вучэньнях «Захад-2017»
На вучэньнях «Захад-2017»

Расея афіцыйна не запрашала сумесныя зь Беларусьсю вучэньні «Захад-2017» назіральнікаў зь іншых краін, для акрэдытаваных у Маскве вайсковых аташэ расейскія ўлады арганізуюць толькі азнаямленчае мерапрыемства, сьцьвярджае прадстаўнік міністэрства абароны Эстоніі. Пра гэта паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на BNS.

«Расея вырашыла азнаёміць з вучэньнямі „Захад-2017“ акрэдытаваных у Маскве вайсковых аташэ толькі на мерапрыемстве 17–18 верасьня ў горадзе Луга. Афіцыйна запрашэньняў назіральнікам ад Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ) накіравана не было», — паведаміў у пятніцу BNS прэс-сакратар міністэрства абароны Эстоніі Андрэс Санг.

Раней намесьнік міністра абароны Расеі Аляксандар Фамін заявіў, што дзяржавы АБСЭ атрымалі паведамленьне пра вучэньні «Захад-2017», на манэўры запрошаныя назіральнікі.

«Папярэдняе апавяшчэньне ўсім дзяржавам — удзельніцам АБСЭ пра вайсковую дзейнасьць падчас вучэньняў, а таксама запрашэньне на яго назіральнікаў накіравана 1 жніўня», — сказаў Фамін.

У жніўні прадстаўнік міністэрства абароны Эстоніі паведаміў BNS, што вайсковыя аташэ Эстоніі гатовыя ўзяць удзел у захадах у Лузе.

Пры гэтым Санг падкрэсьліў, што паводзіны расейскага боку што да вучэньняў «Захад» адрозьніваюцца ад лініі паводзінаў беларускага боку.

«Беларусь афіцыйна паведаміла АБСЭ, што вучэньні „Захад-2017“ пройдуць на тэрыторыі Беларусі з 14 па 20 верасьня. Акрамя таго, Беларусь на падставе Венскага дакумэнту на прынцыпах добраахвотнасьці запрасіла па два назіральнікі ад такіх краін, як Эстонія, Латвія, Літва, Нарвэгія, Польшча, Украіна і Швэцыя, узяць удзел у праграме з 16 па 20 верасьня», — апавёў прадстаўнік Мінабароны.

«Эстонія адгукнулася на запрашэньне Беларусі. Акрамя таго, эстонскі вайсковы аташэ прыме ўдзел у зьвязанай з вучэньнямі „Захад“ праграме, якую арганізуе Беларусь з 19 па 21 верасьня», — дадаў Санг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG