Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інфармацыйная агрэсія і падрыхтоўка да захопу». Экспэрты пра паводзіны Расеі ў вучэньнях «Захад-2017»


Вучэньні «Захад-2017»

На гэтым тыдні адбылася дыскусія «Паміж Захадам і „Захадам“: стратэгічныя выклікі ў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе», арганізаваная Віленскім інстытутам палітычнага аналізу, паведамляе DELFI. У дыскусіі узялі ўдзел міжнародныя экспэрты ў бясьпецы. Яны не выключаюць магчымасьці агрэсіўных дзеяньняў пасьля заканчэньня вучэньняў, але згодныя ў тым, што пагроза вайсковай інтэрвэнцыі малаімаверная.

Страх дапамагае распаўсюджваць нестабільнасьць у рэгіёне

Паводле аднаго з удзельнікаў дыскусіі, былога шматгадовага дарадцы генэральнага сакратара NATO Крыса Донэлі, які цяпер узначальвае інстытут Statecraft (Вялікая Брытанія), вайсковыя вучэньні — яскравы элемэнт гібрыднай вайны Крамля.

«Мэта вайсковых вучэньняў „Захад-2017“ — ня толькі дэманстрацыя вайсковай моцы. Гэта зброя псыхалягічнага ціску, якая дапамагае распаўсюджваць страх і атмасфэру нестабільнасьці ў рэгіёне», — сказаў ён.

Рыхтаваньне да захопу тэрыторыяў

Журналіст Радыё Свабода Браян Ўітмар згодны з тым, што Расея гуляе з Захадам у псыхалягічную гульню. Ён падкрэсьліў, што, назіраючы за вучэньнямі «Захад-2017» і аналізуючы дзеяньні Расеі, можна вылучыць дзьве стратэгіі расейскай гібрыднай вайны. Першая — інфармацыйная і псыхалягічная агрэсія, а другая — падрыхтоўка да рэальных баявых дзеяньняў і захопу тэрыторыі. І ўсё ж, на думку Ўітмара, выдаткі на вайсковую інтэрвэнцыю ў краіны Балтыі для Расеі цяпер былі б занадта вялікія, таму гэта малаімаверна.

Вучэньні пакажуць характар стратэгічнага мысьленьня Расеі

Супрацоўнік вашынгтонскага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі, спэцыяліст у стратэгічнай камунікацыі Даля Банкаўскайце падчас дыскусіі падкрэсьліла, што падвышаная ўвага да расейска-беларускіх вучэньняў абгрунтаваная. У заходніх дзяржавах рашэньні прымаюцца на падставе ясных дэмакратычных правілаў і міжнародных пагадненьняў. У Расеі прыняцьцё рашэньняў засяроджана ў руках некалькіх людзей, гэта цяжка прадказальна і выклікае абгрунтаваны недавер.

Паводле яе, аналіз мэтаў і дзеяньняў вучэньняў «Захад-2017» можа даць каштоўныя зьвесткі пра характар стратэгічнага мысьленьня Расеі. У дачыненьнях зь дзяржавамі Захаду, асабліва сябрамі NATO, Расея бачыць сябе як абкладзеную з усіх бакоў фартэцыю, якую трэба абараняць ад вонкавых і ўнутраных ворагаў. Менавіта праз такое бачаньне і такое выяўленьне сябе на ўнутраным палітычным рынку палітычная стратэгія Крамля апраўдвае дэманстрацыю сілы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG