Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аксепкі ад бомбаў разьлятаюцца на 2 км». Улады забараняюць набліжацца да палігонаў


174-ы Даманаўскі палігон ВПС і СПА Беларусі, які знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне

Наведваньне палігонаў у часе сумесных беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017» зьяўляецца небясьпечным. Пра гэта барысаўскія і івацэвіцкія ўлады праінфармавалі насельніцтва.

У прыватнасьці, на сайце Івацэвіцкага райвыканкаму зьявілася інфармацыя, што забарона наведваньня палігону «Даманаўскі» прынятая «ў мэтах бясьпекі грамадзян, бо аскепкі ад бомбаў і снарадаў могуць разьлятацца на адлегласьць да 2 км». У паведамленьні зазначаецца, што «тэрыторыя палігону абмежаваная пастамі ачапленьня, равамі, а па пэрыметры выстаўленыя абмежавальныя знакі».

«Праход і праезд на гэтую тэрыторыю забаронены. Таксама забаронена зьбіраць аскепкі бомбаў, снарадаў, ракет і ўзрывальнікаў, мэталічны лом, чапаць неразарваныя боепрыпасы. Пад забаронай на ўсёй тэрыторыі палігону кашэньне травы, выпас скаціны, збор ягад і грыбоў, рыбалоўства, высяканьне лесу, паляваньне на жывёл і птушак», — паведаміў Івацэвіцкі райвыканкам.

На парушальнікаў рэжыму гэтых вызначаных межаў будзе накладзенае пакараньне паводле артыкулу 23.14 КаАП Беларусі (незаконнае знаходжаньне на ахоўных аб’ектах). Гэты артыкул прадугледжвае штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў або адміністрацыйны арышт.

Пра падобныя забароны ў межах палігону «Барысаўскі» заявіў і Барысаўскі райвыканкам.

Раней Свабода паведамляла, што Івацэвіцкі райвыканкам рэкамэндаваў насельніцтву ўстрымацца ад наведваньня лясоў у некаторых сельсаветах, сумежных з палігонам, на час вучэньняў з 14 да 20 верасьня.

***

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусi адзначыла «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

«Захад-2017»: усё пра беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні

XS
SM
MD
LG