Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці небясьпечныя для Беларусі манэўры «Захад-2017»? Два погляды: Алесін супраць Статкевіча


Мікалай Статкевіч, адзін зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу, падпалкоўнік ў адстаўцы: «На нашай зямлі Расея будзе вучыцца, як нападаць і ваяваць з NATO»

Мікалай Статкевіч лічыць манэўры «Захад-2017» вельмі небясьпечнымі для Беларусі і вызначае дзьве групы прычын гэтай небясьпекі.

Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

— Першае, гэта мы ўцягваемся ў канфлікт, у гібрыдны канфлікт Пуціна з Захадам і гібрыдную вайну з Украінай. На нашай зямлі Расея будзе вучыцца, як нападаць і ваяваць з NATO і, магчыма, з Украінай. Па сутнасьці, мы ўжо робімся яе саўдзельнікам у гэтым канфлікце. Пры тым, што нас могуць, не пытаючыся, уцягнуць у гарачы канфлікт, у нейкія правакацыі; мы страчваем фактычна сувэрэнітэт у такім важным пытаньні, як мір і бясьпека. А гэта ключавыя пытаньні для любой нацыі, для любой дзяржавы. Але мы тут робімся проста аб’ектам — гэта вялікая небясьпека. Ня думаю, што нехта ў здаровым розуме ці з боку Расеі, ці з боку NATO захоча ваяваць, але, з другога боку, ніхто ня хоча і саступаць. І гэтыя крокі вялікіх дзядзькоў, якія робяцца насуперак адзін аднаму, могуць прывесьці да неспадзяваных жахлівых наступстваў.

На нашай зямлі Расея будзе вучыцца, як нападаць і ваяваць з NATO і, магчыма, з Украінай. Па сутнасьці, мы ўжо робімся яе саўдзельнікам у гэтым канфлікце.

Для мяне гэтыя манэўры — працяг гібрыднага канфлікту, калі Пуцін палохае Захад. У расейскіх кіроўных элітаў ёсьць такая ілюзія, што Захад, эўрапейцы — гэта такія разбэшчаныя, сытыя сыбарыты, якія ніколі ня будуць рызыкаваць сваёй бясьпекай. Пра эўрапейцаў любяць гаварыць, што яны «мужыкі бязь яйцаў» і гэтак далей. Але калі дойдзе да пэўнага моманту, дык проста дзяржаўныя інстытуцыі зрэагуюць адпаведна і слаба не падасца, небясьпека ёсьць. Таму — калі ласка, рыхтуйцеся да вайны, але не на нашай зямлі.

Другая група пагрозаў зьвязана з самой унутранай палітыкай Расеі. Расейскія кіроўныя эліты вельмі часта скарыстоўваюць вонкавыя канфлікты для вырашэньня ўнутраных праблемаў. Наперадзе выбары прэзыдэнта Расеі, трэба ж падняць рэйтынг, таму вялікім попытам карыстаюцца набыткі былых часоў. Расейскае грамадзтва вельмі траўмаванае распадам, як яны лічаць, сваёй імпэрыі, стратай земляў, якія яны лічаць сваімі, бо калісьці іх заваявалі нібыта назаўсёды. Таму вітаецца любы крок у вяртаньні гэтых земляў. Згадайма эйфарыю, якая ўзьнікла ў Расеі пасьля першых падзей ва Ўкраіне, у Крыме — ёсьць спакуса гэта паўтарыць. Таму, калі тут зьяўляюцца войскі краіны, якія маюць досьвед ваенных дзеяньняў у захопе нашай суседкі, гэта ня можа не напружваць. Тым больш што беларускі рэжым знаходзіцца пад поўным эканамічным кантролем Расеі, а расейскія спэцслужбы тут дзейнічаюць усюды і безь перашкод. Сярод беларускіх сілавых структураў самы папулярны палітык — Пуцін, а не Лукашэнка. І гэта ўсё стварае пагрозу, што ў выніку тут застануцца вайсковыя базы, што потым можа скончыцца анэксіяй. Згадаем гісторыю балтыйскіх краінаў. У 1939 годзе СССР навязаў ім свае базы, а ў 1940-м з гэтых базаў выехалі савецкія танкі, і незалежнасьць балтыйскіх краінаў закончылася.

— А што падказвае ваш досьвед былога вайскоўца? Ці верыце вы ў тое, што Расея сюды для ўдзелу ў манэўрах прывезла ня 3 тысячы вайскоўцаў, як заяўлена, а значна больш, бо ёсьць і такія зьвесткі?

Безумоўна, войскі павінны вучыцца ваяваць, і беларускія таксама. Але мы ў БНК прапануем увогуле заканадаўча забараніць прысутнасьць чужых войскаў на тэрыторыі Беларусі.

— Так, Расея традыцыйна заніжае колькасьць сваіх удзельнікаў манэўраў і карыстаецца імі за рамкамі, якія дазваляе АБСЭ, як лічыць патрэбным. Зараз шматлікім назіральнікам пакажуць толькі тое, што патрэбна, таму я дапускаю, што гэтых расейскіх войскаў сапраўды рэальна нашмат больш. Але яшчэ непараўнальна больш войскаў будуць рыхтавацца і рухацца каля межаў Беларусі. Межаў Латвіі, Эстоніі, Украіны. То бок сытуацыя можа здарыцца непапраўная, ня выключаныя і правакацыі, прыкладам, рух вялікай масы войскаў у бок якойсьці мяжы. Беларуска-ўкраінскай ці беларуска-польскай, ці літоўскай. Альбо магчымы залёт самалётаў на суседнія тэрыторыі — усё магчыма. Безумоўна, войскі павінны вучыцца ваяваць, і беларускія таксама. Але мы ў Беларускім нацыянальным кангрэсе прапануем увогуле заканадаўча забараніць прысутнасьць чужых войскаў на тэрыторыі Беларусі. Ну, калі міратворцы вучацца, дык можна запрасіць з-за мяжы, але максымум роту міратворцаў. І такая забарона мусіць быць замацаваная ў законе. Нам ня трэба тут іншых войскаў, мы, як той казаў, наваяваліся. Зь мінулай вайны баімся сказаць, колькі страцілі, што кожнага трэцяга. Нам хапіла чужых войнаў, мы можам і павінны змагацца толькі за сваю зямлю, за сваю незалежнасьць, а не гуляць у гэтыя гульні, якія спачатку здаюцца гібрыднымі, а потым могуць быць і больш чым гібрыдныя.

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін: «Стратэгічны выбар быў зроблены ў 1996 годзе, цяпер мусім разьлічвацца»

Незалежны экспэрт у вайсковых справах Аляксандар Алесін лічыць, што манэўры «Захад-2017» ня больш небясьпечныя для Беларусі, чым усе папярэднія, але пры гэтым адзначае, што Беларусь ужо панесла пэўныя іміджавыя страты:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

— Лічу, што гэтыя манэўры ня больш небясьпечныя, калі ўзяць вайсковы стратэгічны ўплыў на сытуацыю, чым папярэднія манэўры, 2013 году, 2009-га і гэтак далей. Бо ані паводле легенды манэўраў, ані паводле колькасьці задзейнічаных войскаў яны амаль нічым не адрозьніваюцца. Хіба што больш пэўна, з улікам досьведу падзей ва Ўкраіне, больш выразна прапісаны дзеяньні бакоў паводле легенды манэўраў. Што да небясьпекі гэтых манэўраў, дык яна можа быць толькі ў інфармацыйнай сфэры.

Галоўныя наступствы манэўраў я бачу ў іміджавай сфэры, Беларусь яшчэ доўга будзе ад гэтых наступстваў пазбаўляцца.

Вядома, Беларусь ўжо панесла істотныя іміджавыя страты ў выніку той кампаніі ў мэдыяпрасторы, якая разгарнулася напярэдадні манэўраў. Яна сапраўды была беспрэцэдэнтай. Людзі, якія нібыта займаюць адказныя пасады, распаўсюджвалі самую супярэчлівую інфармацыю наконт і намераў саюзьнікаў, Расеі і Беларусі, і наконт колькасьці задзейнічаных вайскоўцаў. Было нагаворана вельмі шмат усяго, таму і ўзьнікае меркаваньне, што зараз дзеяньні ў мэдыясфэры значна больш разбуральныя, іх эфэкт магчыма параўнаць нават зь ядзернай зброяй. Таму галоўныя наступствы манэўраў я бачу ў іміджавай сфэры, Беларусь яшчэ доўга будзе ад гэтых наступстваў пазбаўляцца. Нашы суседзі хто шчыра, хто нібыта сапраўды былі напалоханыя. Статус Беларусі як моста, як краіны, роўна аддаленай і ад Захаду, і ад Ўсходу, як магчымага кандыдата на Хэльсынскі працэс у новым выданьні, як пляцоўкі для перамоваў — усё гэта калі не пастаўлена зусім пад пытаньне, але намаганьні нашага МЗС і кіраўніка дзяржавы шмат у чым адкінутыя назад. То бок залячыць гэтыя раны будзе дастаткова цяжка. Але, мяркую, магчыма, небезнадзейна. Верагодна, увесь сьвет запомніць, што, нягледзячы на нашы заявы пра амаль цалкам нэўтральную краіну, мы адданы саюзьнік Расеі, і калі сытуацыя дойдзе на ваеннага супрацьстаяньня, то Беларусь і Расея апынуцца ў адным акопе.

— На мітынгу апазыцыі, які адбыўся ў Менску 8 верасьня, гучала, што Беларусь праз манэўры «Захад-2017» уцягваецца ў канфлікт Расеі з NATO. На вашу думку, ці сапраўды гэта адбываецца?

— Ну вядома, градус супрацьстаяньня падвышаецца, але найперш гэта ёсьць наступствам падзей ва Ўкраіне. Толькі гэта не сёньня адбылося, а цягам апошніх двух гадоў такое назіраецца. А тут падставай стала геапалітычнае пагадненьне, якое Беларусь заключыла з Расеяй яшчэ ў 1996 годзе. Гэта тады падпісалі 5 пагадненьняў, якія збольшага вызначылі статус Беларусі як хаўрусьніцы Расеі. Відаць, ужо тады трэба было прадбачыць, што ў выпадку абвастрэньня сытуацыі давядзецца выконваць абавязаньні, але тады Беларусь пра абвастрэньне не думала, існавалі добрыя адносіны паміж Расеяй і NATO, Расеяй і ЗША. Мяркую, тады кіраўніцтва нашай краіны лічыла, якую выгадную дамову яны правярнулі, калі тут прадалі паветра, а там набылі танныя газ і нафту, сьпісаньне даўгоў, доступ на расейскі рынак. А цяпер сытуацыя зьмянілася і трэба плаціць па рахунках. Таму: мы выбралі гэты бок, для нас цяпер усё вызначае той геапалітычны выбар.

— Як вы ставіцеся да зьвестак зь неафіцыйных крыніц, што нібыта ў Беларусь Расея прывезла значна больш войскаў, чым аб’яўленыя 3 тысячы? Давяраеце гэтай інфармацыі ці не?

— Так, насамрэч іх можа быць ня 3100, а 3115. Але гэта ня мае істотнага значэньня, бо вялікую колькасьць войскаў лёгка кантраляваць праз спадарожнікавую выведку, праз тэхнічную, ды і агентурную, бо, мяркую, Джэймсы Бонды яшчэ не перавяліся, яны дзейнічаюць і ў нас. Але галоўнае нават ня ў гэтым. На маю думку, Расея ў гэты момант не зацікаўленая ў тым, каб абвастраць дачыненьні з Захадам і NATO. І без таго іміджавыя страты ад падзей ва Ўкраіне вялікія, санкцыі адчувальныя, а на коне энэргетычныя праекты — «Паўночны паток-2» ды іншыя праекты з тымі ж немцамі. Ня думаю, што Расея будзе рызыкаваць. Выгады ніякай ад таго, што сюды прывязуць ня 3, а 4 ці 5 тысяч вайскоўцаў. Усё роўна, каб тут усё захапіць, трэба 500 тысяч, а не 5. Таму хай нашы людзі не баяцца, нам гэтыя манэўры нічым не пагражаюць.

***

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусi адзначыла «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

«Захад-2017»: усё пра беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG