Рада Бясьпекі ААН асудзіла паўночнакарэйскія ракетныя выпрабаваньні

Пастаянны прадстаўнік ЗША ў ААН Нікі Гэйлі

Рада Бясьпекі ААН ухваліла ў аўторак увечары заяву з асуджэньнем запуску Паўночнай Карэяй балістычнай ракеты, якая праляцела над Японіяй і ўпала ў Ціхім акіяне.

Рада Бясьпекі назвала ракетныя выпрабаваньні «абуральнай пагрозай» і запатрабавала ад Пхэньяну спыніць запускі ракет і адмовіцца ад ядзернай праграмы. У заяве зьмяшчаецца заклік да Паўночнай Карэі распачаць неадкладныя крокі з мэтай зьніжэньня напружанасьці.

Пастаянны прадстаўнік ЗША ў ААН Нікі Гэйлі заявіла пасьля пасяджэньня, што Злучаныя Штаты пакладуць канец незаконным паводзінам Паўночнай Карэі. Паводле яе, прыйшоў час Пхэньяну ўсьвядоміць «тую небясьпеку, якую яны стварылі для сябе».