Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і саюзьнікі абяцаюць жорстка адказаць на пралёт ракеты КНДР над Японіяй


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і прэм'ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ дамовіліся павялічыць ціск на Паўночную Карэю пасьля таго, як Пхэньян упершыню з 2009 года выпусьціў балістычную ракету, якая праляцела над Японіяй. Пра размову двух лідэраў паведаміла прэс-служба японскага прэм'ера.

«Абуральны акт пуску ракеты над нашай краінай зьяўляецца беспрэцэдэнтнай і сур'ёзнай пагрозай і наносіць сур'ёзны ўрон рэгіянальнаму міру і бясьпецы», — сказаў Абэ ў Токіё, заклікаючы правесьці надзвычайнае пасяджэньне Рады бясьпекі ААН, якая нядаўна ўвяла новыя санкцыі супраць Пхэньяну з прычыны выпрабаваньня балістычных ракет.

Прэзыдэнт ЗША са свайго боку сказаў, што саюзьнікі маюць зьвярнуцца да «моцнага адказу», у тым ліку з «ваеннымі захадамі», паведаміла паўднёвакарэйскае інфармацыйнае агенцтва «Ёнхап».

Паўночная Карэя 29 жніўня ўпершыню з 2009 году выпусьціла балістычную ракету, якая завяршыла свой палёт над Японіяй. Японская тэлекампанія NHK паказала, што ракета распалася над водамі паўночнага вострава Хакайда, прыкмет якой-небудзь шкоды пакуль не зафіксавана.

Службоўцы заявілі, што японскія вайскоўцы не спрабавалі зьбіць ракету. Вайскоўцы Паўднёвай Карэі паведамілі, што гэтая ракета праляцела 2700 кілямэтраў і дасягнула вышыні 550 кілямэтраў.

Пэнтагон лічыць, што ракета не ўяўляла пагрозы для Паўночнай Амэрыкі.

Апошні пуск ракеты адбыўся, калі Паўночная Карэя заявіла, што паскардзіцца Радзе бясьпекі ААН на вайсковыя вучэньні ЗША і Паўднёвай Карэі паблізу тэрыторыі КНДР. Пхэньян назваў гэтыя вучэньні «неразумна правакацыйнымі падчас напружанасьці».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG