Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада бясьпекі ААН зьбярэцца абмеркаваць запуск ракеты Паўночнай Карэяй


Кім Чэн Ын (у цэнтры) сьвяткуе адзін з запускаў ракетаў, архіўнае фота

У сьвеце востра адрэагавалі на «адзін з самых правакацыйных» запускаў ракеты Паўночнай Карэі.

Паўночная Карэя запусьціла ракету ў бок Японіі ў ноч на 29 жніўня. Агенцтва Reuters называе тэставы запуск «адным з самых правакацыйных»: меркавана, ракета Hwasong-12 кіравалася ў бок японскага вострава Хакайда, праляцела над востравам і ўпала ў моры за больш як 1000 км ад вострава ў час, калі Паўднёвая Карэя і ЗША праводзілі вайсковыя вучэньні на паўднёвай частцы карэйскага паўвострава.

Прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ заявіў, што ён гутарыў з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і што яны пагадзіліся ўзмацніць ціск на КДНР, а ЗША «на 100% зь Японіяй». Адразу пасьля запуску Японія правяла вайсковыя вучэньні з выкарыстаньнем бамбавальнікаў, каб прадэманстраваць здольнасьць абараняцца.

Паводле Абэ, Рада бясьпекі ААН мае тэрмінова сабрацца сёньня, 29 жніўня, каб абмеркаваць запуск. Раней у жніўні 15 краінаў Рады бясьпекі ўжо прынялі новыя санкцыі супраць КНДР за запускі ў ліпені.

Расея ж заявіла, што «рэсурс санкцыйнага ціску на КНДР вычарпаны»: намесьнік міністра замежных справаў Расеі Сяргей Рабкоў сказаў, што гэта вучэньні ЗША і Паўднёвай Карэі справакавалі КНДР на новы запуск, перадае Lenta.ru. У Радзе бясьпекі ААН, казаў ён, «больш немагчыма прымаць рэзалюцыі пра немагчымасьць вайсковага рашэньня праблемы».

Гэта далёка ня першы запуск ракеты КНДР: пад кіраўніцтвам маладога Кім Чэн Ына краіна ажыцьцявіла дзясяткі запускаў балістычных ракетаў, у тым ліку папярэдні 26 жніўня. Але запускі над Японіяй рэдкія: апошні такі, як піша Washington Post, быў у 2009 годзе, а да таго ў 1998-м. Абодва тыя разы КНДР заяўляла, што запускае спадарожнікі, а другі раз нават папярэдзіла Японію пра запуск. На гэты раз, кажуць аналітыкі, запуск быў, без сумневаў, вайсковым.

XS
SM
MD
LG