Рассельгаснагляд зноў забараняе і папярэджвае беларускую «мясамалочку»

З 4 ліпеня Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі на расейскі рынак прадукцыі Валожынскага філіялу Маладэчанскага малочнага камбінату — у сухім малацэ і малочнай сыроватцы выяўленыя рэшткі лінкаміцыну.

Акрамя таго, «у сувязі з сыстэматычным выяўленьнем парушэньняў вэтэрынарна-санітарных патрабаваньняў» Рассельгаснагляд увёў рэжым узмоцненага лябараторнага кантролю ў дачыненьні да мясной і малочнай прадукцыі чатырох беларускіх прадпрыемстваў.

Пад узмоцненую праверку трапілі філіял Пружанскага раённага спажывецкага таварыства «Камбінат каапэратыўнай прамысловасьці», прадпрыемства «Марозпрадукт», Шклоўскі масларобны завод, ААТ «Александрыйскае».

Таксама Рассельгаснагляд выявіў выпадкі фальсыфікацыі малочнай прадукцыі яшчэ трох прадпрыемстваў — гэта «Мсьціслаўмалако», «Тураўскі малочны камбінат» і «Здравушка Мілк».

Служба таксама паведаміла пра «выяўленьне неадпаведнасьцяў» у прадукцыі Лунінецкага малочнага заводу, «Малочнага полюсу» і «Бабушкиной крынки». І папярэдзіла пра магчымыя абмежаваньні паставак у Расею прадукцыі названых прадпрыемстваў.

Рассельгаснагляд «з жалем» адзначае, што працягваюцца выпадкі паставак у Расею зь Беларусі жывёлагадоўчай прадукцыі з парушэньнем вэтэрынарна-санітарных патрабаваньняў і нормаў Эўразійскага эканамічнага саюзу і РФ. «Названыя выпадкі апошнім часам набылі сыстэматычны характар, што выклікае сурʼёзную занепакоенасьць Рассельгаснагляду», — гаворыцца ў паведамленьні.