Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь якімі вынікамі Аляксандар Лукашэнка вяртаецца з Масквы?


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Маскве 30 чэрвеня 2017 году

У расейскай сталіцы адбылося паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы. Якія галоўныя праблемы ў адносінах Беларусі і Расеі? Як бакі разумеюць эканамічную інтэграцыю? Якія існуюць супярэчнасьці ў вайсковым супрацоўніцтве паміж саюзьнікамі?

Удзельнікі: публіцыст Алесь Чайчыц з Масквы і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі «БелаПАН» Аляксандар Класкоўскі зь Менску.

Дзяжурны рытуал

Валер Карбалевіч: «Галоўная мэта візыту Лукашэнкі ў Маскву — гэта ўдзел у паседжаньні Вышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы. Звычайна яно праводзяцца ці то ў канцы году, ці то на самым пачатку новага году. Бо паводле статуту толькі гэты орган можа зацьвердзіць гадавы бюджэт Саюзнай дзяржавы. Ніколі раней паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету не праходзіла ў сярэдзіне году. Фактычна паўгоду гэтая структура жыла без афіцыйна зацьверджанага бюджэту.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Цяперашні візыт Лукашэнкі — гэта такі дзяжурны, руцінны рытуал? Ці за ім нешта стаіць большае?»

Алесь Чайчыц: «На паверхні выглядае, што гэта дзяжурны візыт пасьля крызісных зьяваў у двухбаковых дачыненьнях, узаемных абвінавачваньняў. Абодва бакі імкнуліся ўнесьці больш пазытыву ў адносіны, даслаць сыгнал грамадзтвам і элітам дзьвюх краін, што жорсткіх супярэчнасьцяў паміж краінамі няма. Так бы мовіць, „у Багдадзе ўсё спакойна“. Не было гучных заяваў. Зразумела, існуюць падводныя камяні. Але гэта быў такі прафіляктычны візыт дзеля падтрыманьня карціны, што ў нас усё добра».

Алесь Чайчыц
Алесь Чайчыц

Аляксандар Класкоўскі: «Гэты візыт меў збольшага сымбалічны сэнс. Чаму раней не адбылося паседжаньня Вышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы? Бо Лукашэнка адмаўляўся прыяжджаць на паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету, пакуль Масква не ўрэгулюе канфлікт па нафце і газе. Канфлікт быў урэгуляваны падчас сустрэчы двух лідэраў у Санкт-Пецярбургу ў красавіку. Цяпер трэба паказаць грамадзтву, што станоўчы трэнд працягваецца, мір, дружба, жуйка. Як можна зразумець, тэт-а-тэт прэзыдэнты размаўлялі вельмі сьцісла, коратка».

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Якія галоўныя праблемы ў адносінах Беларусі і Расеі?

Карбалевіч: «Сп. Чайчыц, вы казалі пра падводныя камяні, якія існуюць у адносінах паміж саюзьнікамі. Якія гэта камяні?»

Чайчыц: «Гэта тыя ж самыя праблемы, якія існавалі апошні час. Беларусь жыве за кошт эканамічнай падтрымкі Расеі. Узамен за гэта РФ атрымлівае ляяльнасьць афіцыйнага Менску, у тым ліку ў вайсковай сфэры. Гэта асабліва запатрабавана ў час, калі Расея ўступіла ў канфлікт з Украінай і Захадам.

Праблемы ў адносінах ёсьць, але яны замарожаныя. Магчыма, іх адклалі на наступны раз. На тле тых міжнародных праблем, якія мае Расея, дадатковыя праблемы ў адносінах яшчэ і зь Беларусьсю Маскве не патрэбныя.

Пазытыў у адносінах павінен прынесьці і візыт Лукашэнкі ў „Клюб галоўных рэдактараў“ расейскіх СМІ, што ладзіць расейскае агенцтва ТАСС. Як вядома, беларускі лідэр вельмі добра ўмее размаўляць з расейскімі мэдыямі».

Як бакі разумеюць эканамічную інтэграцыю?

Расейскі бок (...) імкнецца „не мыцьцём, дык катаньнем“ забясьпечыць расейскаму капіталу ўваход у нейкія прывабныя беларускія актывы.

Класкоўскі: «Хацеў бы зьвярнуць увагу на туманныя размовы, якія вядуцца апошнім часам наконт супольных інтэграцыйных праектаў. У мяне ёсьць адчуваньне, што расейскі бок, асабліва лабіст гэтага пытаньня віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч, імкнецца „не мыцьцём, дык катаньнем“ забясьпечыць расейскаму капіталу ўваход у нейкія прывабныя беларускія актывы. Раней РФ хацела гэта зрабіць пад маркай пяці супольных інтэграцыйных праектаў, але беларускі бок пасьпяхова іх заваліў. Лукашэнка заблякаваў прыватызацыю расейскімі кампаніямі МАЗу, МЗКЦ. Ня думаю, што ягоная пазыцыя наконт гэтага надта зьмянілася.

І цяпер, магчыма, будзе бойка бульдогаў пад дываном па гэтым пытаньні. Лукашэнка пабойваецца, што Расея проста возьме ў свае рукі беларускую эканоміку. І чым ён тады будзе камандаваць?»

Карбалевіч: «Сапраўды, напярэдадні гэтага візыту беларускія афіцыйныя асобы казалі пра праблему эканамічнай каапэрацыі суб’ектаў гаспадараньня дзьвюх дзяржаў. У мяне такое ўражаньне, што кожны бок разумее пад гэтымі словамі нешта сваё. Расея хоча таго, пра што казаў сп. Класкоўскі — то бок прыбраць да рук найбольш прыбытковыя беларускія прадпрыемствы. А Беларусь хацела б атрымаць большы доступ на расейскі рынак, магчыма, увайсьці ў нейкія фэдэральныя праграмы РФ. Вось Пуцін падчас выступу на форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі называў нейкія гіганцкія лічбы расейскіх капіталаўкладаньняў у эканоміку Беларусі. Як мне падаецца, яны яўна перабольшаныя».

Чайчыц: «Вядома, расейскі капітал імкнецца ўзяць пад свой кантроль найбольш прывабныя галіны беларускай эканомікі. А Беларусі патрэбная большая эканамічная падтрымка з боку Расеі. Яна хоча больш адкрыць для сябе расейскі рынак. Бо гэта галоўны для Беларусі рынак збыту».

Якія існуюць супярэчнасьці ў вайсковым супрацоўніцтве паміж саюзьнікамі?

Карбалевіч: «Апошнім часам у вайсковых дачыненьнях паміж саюзьнікамі зьявіліся дзьве важныя тэмы. Па-першае, гэта сумесныя вайсковыя вучэньні восеньню ў Беларусі, якія ўжо выклікалі гучны міжнародны рэзананс.

Па-другое, падпісаны кантракт аб продажы Расеяй Беларусі 12 самалётаў-зьнішчальнікаў СУ-30СМ. Дзеля гэтага РФ выдзяляе крэдыт. Кантракт будзе рэалізаваны цягам трох гадоў. Як вы думаеце, гэтыя праблемы абмяркоўваліся?»

Класкоўскі: «Ня выключана. Думаю, пытаньне вучэньняў сёньня муляе беларускаму боку. Бо афіцыйнаму Менску даводзіцца на кожным кроку апраўдвацца перад заходнімі суседзямі, даказваць, умоўна кажучы, што мы не вярблюды. Цяпер вайсковае партнэрства з Расеяй замінае Менску палепшыць дачыненьні з Захадам. Калі гэтая тэма і абмяркоўвалася, то беларускі бок, я думаю, імкнуўся да большай празрыстасьці падчас гэтых вучэньняў, каб былі задаволеныя заходнія назіральнікі.

Думаю, рашэньне Расеі прадаць Беларусі гэтыя самалёты стала вынікам актыўнага супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем у вайсковай сфэры. Кітайцы дапамаглі Беларусі стварыць ракетны комплекс „Палянэз“. У выніку Масква, магчыма, трохі схамянулася і вырашыла больш даваць Менску новай зброі, бо інакш Беларусь пойдзе на хаўрус з Кітаем.

Але кошт гэтых самалётаў вялікі — 600 млн даляраў, то бок па 50 млн за самалёт. То бок Беларусь не атрымала зьніжак. Бо Лукашэнка ў свой час казаў, што адзін самалёт будзе каштаваць 20–25 млн даляраў. Але так не атрымалася. А купля за кошт крэдыту павялічвае даўгавую залежнасьць Беларусі ад Расеі».

Цяпер вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй стала для Беларусі менш камфортным, чым раней, але Менску няма куды падзецца.

Чайчыц: «Тут ёсьць вялікая інэрцыя мінулых гадоў. Хоць цяпер вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй стала для Беларусі менш камфортным, чым раней, але Менску няма куды падзецца».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG