Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка разьлічвае, што ў нафтагазавай сфэры Расея будзе праводзіць «канструктыўную палітыку»


Аляксандар Лукашэнка ў Маскве

Аляксандар Лукашэнка разьлічвае на далейшае канструктыўнае ўзаемадзеяньне Беларусі і Расеі па нафтагазавых пытаньнях. Пра гэта ён заявіў 30 чэрвеня на паседжаньні Вышэйшага дзяржаўнага савету саюзнай дзяржавы ў Маскве, перадае БелТА.

«Спадзяюся на далейшае канструктыўнае ўзаемадзеяньне нашых галіновых міністэрстваў адносна фармаваньня агульнага рынку газу, нафты і нафтапрадуктаў у рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу», — сказаў Лукашэнка і нагадаў, што раней у Санкт-Пецярбургу бакі ўзгаднілі прынцыповыя падыходы да супрацоўніцтва ў нафтагазавай сфэры да 2025 году.

Таксама беларускі кіраўнік сказаў, што ўзгодненая эканамічная палітыка Беларусі і Расеі будзе стымуляваць сумесную вытворчасьць высокатэхналягічнай прадукцыі.

«Зарукай пасьпяховага пераадоленьня глябальных выклікаў у будучыні зьяўляецца глыбокая каапэрацыя, арыентаваная на выпуск высокатэхналягічнай навукаёмістай прадукцыі. Абавязковае патрабаваньне пры гэтым — больш хуткае ўкараненьне ў сэрыйную вытворчасьць. Гэта асабліва важна з улікам нарастаючай канкурэнцыі на ўсясьветным рынку», — сказаў Лукашэнка.

На яго думку, фармаваньне і правядзеньне ўзгодненай эканамічнай палітыкі будзе ў значнай ступені спрыяць падвышэньню экспартнага патэнцыялу і эфэктыўнаму вырашэньню задач імпартазамяшчэньня.

Таксама Лукашэнка выказаўся адносна санкцыяў, якімі заходні сьвет раз- пораз палохае саюзьнікаў.

«Ніякія санкцыі і ціск — не перашкода, разам нашы краіны пераадолеюць усё, — сказаў ён, выступаючы на пленарным паседжаньні Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі. — Мы разьвіваем супрацоўніцтва з самымі рознымі рэгіёнамі Расеі, ёсьць нават сумесныя праекты на Сахаліне ў галіне сельскай гаспадаркі, што ўжо казаць пра суседнія вобласьці. І я вам за гэта вельмі ўдзячны. Вы проста малайцы, трэба ў гэтым тэмпе рухацца, ствараючы нашу агульную прастору і дэманструючы ўсім, што ніякія санкцыі, ніякі ціск нам не перашкода. Мы пераадолеем усё», — запэўніў Лукашэнка расейцаў у сваёй падтрымцы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG