Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Лукашэнка сустрэнецца з Пуціным. Першы дзень яго візыту ў Маскву прайшоў ціха


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўнікамі расейскіх СМІ ў Клюбе галоўных рэдактараў ТАСС. Масква, 29 чэрвеня 2017 году

Аляксандар Лукашэнка 29-30 чэрвеня знаходзіцца з працоўным візытам у Расеі. У першы дзень не паведамлялася ні пра якія гучныя заявы або дзеяньні з боку Лукашэнкі. Сустрэча з Уладзімерам Пуціным заплянаваная на пятніцу.

Як прайшоў першы дзень?

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, генэральны дырэктар ТАСС Сяргей Міхайлаў і першы намесьнік генэральнага дырэктара ТАСС Міхаіл Гусман
Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, генэральны дырэктар ТАСС Сяргей Міхайлаў і першы намесьнік генэральнага дырэктара ТАСС Міхаіл Гусман

​Пра першы дзень візыту паведамлялася толькі, што Лукашэнка наведаў «Клюб галоўных рэдактараў» расейскіх СМІ, што ладзіць расейскае агенцтва ТАСС. ТАСС пры гэтым апублікаваў кароткую інфармацыю пра візыт Лукашэнкі, хоць «гутарка доўжылася каля трох гадзін»:

«Лукашэнка выклаў пазыцыі Менску па цэлым шэрагу міжнародных пытаньняў. Сярод закранутых тэмаў — разьвіцьцё супрацы з Расеяй, у тым ліку гандлёва-эканамічных сувязяў, а таксама стасункі з Эўропай. Прэзыдэнт расказаў аб сваіх чаканьнях ад паседжаньня Вышэйшага дзяржаўнага савету „Саюзнай дзяржавы“, якое мае адбыцца 30 чэрвеня, даў ацэнку сытуацыі ва Ўкраіне, узаемадзеяньню на прасторы СНД, працы па вырашэньні пытаньняў у сфэры міграцыйнага кантролю». Іншыя СМІ паведамляюць яшчэ меней.

Пасьля дэлегацыя зь Беларусі пачаставала прысутных традыцыйнымі беларускімі стравамі.

Якую ацэнку Лукашэнка даў па згаданых пытаньнях, ТАСС не паведамляе. Прэс-служба Лукашэнкі ўдакладняе: у пытаньні ўрэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне Лукашэнка толькі за перамовы. Прэс-служба Лукашэнкі называе гутарку «шчырай», піша пра «самае шырокае кола пытаньняў», асобна адзначае абмеркаваньне супрацы Беларусі з Кітаем.

Усё цікавае — на другі дзень?

Як паведамляецца, усё астатняе заплянавана на другі дзень візыту, 30 чэрвеня. У плянах сустрэча з Уладзімірам Пуціным і ўдзел у паседжаньні Вышэйшага дзяржаўнага савету так званай «Саюзнай дзяржавы», а таксама ў чацьвёртым форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі.

Тым часам ТАСС нагадвае, што паседжаньне Вышэйшага дзяржаўнага савету «Саюзнай дзяржавы» мела адбыцца яшчэ ў сьнежні 2016 году:

«Аднак праз шэраг рознагалосьсяў, у прыватнасьці, па цане на пастаўлены Расеяй прыродны газ, Лукашэнка не палічыў магчымым тады прыехаць у Расейскую Фэдэрацыю, — піша ТАСС. — Яго візыт у Расею адбыўся толькі 3 красавіка гэтага году. Аднак тады яго сустрэча з Пуціным прайшла ў фармаце звычайных працоўных перамоваў, а не пасяджэньня Вышэйшага дзяржаўнага савету».

Лукашэнка паехаў да Пуціна. Пра што ім пагутарыць?

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG