Міколу Статкевіча арыштавалі па рашэньні суду ад 7 красавіка. Да яго не пускаюць адваката

Мікола Статкевіч

Марына Адамовіч сказала, што да Міколы Статкевіча, якому далі 5 сутак арышту, так і не пусьцілі адваката. Жонка палітыка спрабавала высьветліць у Ленінскім судзе Менску, за што ён пакараны арыштам.

«Сёньня я пабывала ў Ленінскім судзе Менску, каб высьветліць зь першых рук, за што і калі яго асудзілі. Бо ўсе астатнія гэтую глыбокую тайну ніяк не паведамляюць. Але гэта асобнае мапэт-шоў, цэлая дэтэктыўная гісторыя. Адзінае, што мне ўдалося ўстанавіць, што гэта як бы старое судовае рашэньне ад 7 красавіка. За што? Сказалі, што па артыкуле 23.34, то бок масавыя мерапрыемствы. За якія падзеі?! Я маю даверанасьць ад Міколы на права прадстаўляць яго інтарэсы, па гэтай даверанасьці я расьпісвалася за яго ў Цэнтравыбаркаме і гэтак далей. Ленінскі суд палічыў наяўнасьць гэтай даверанасьці недастатковай падставай для таго, каб выдаць мне копію судовай пастановы. Таму я выказала сумнеў, што гэтыя людзі на сваім месцы. Ці маюць яны права ў прынцыпе каго-небудзь судзіць, калі яны ня ведаюць такіх элемэнтарных прававых рэчаў? Ну і пайшла ні з чым, мушу цяпер у гарадзкі суд пісаць», — сказала спадарыня Марына карэспандэнту Свабоды.

Марына Адамовіч намагаецца, каб да Міколы Статкевіча пусьцілі адваката.

Марына Адамовіч

«Яны нічым не матывуюць тое, што да Міколы не пускаюць адваката. Яны кажуць: чакайце. Пяць гадзін прачакалі. Сёньня мы прыйшлі да дзявятай, то ў іх быў сьняданак. Яны ніяк ня могуць адарваць зьняволеных ад працэсу паглынаньня ежы. Потым была перазьменка. А потым яны раптоўна пачалі труціць вошы ва ўсім будынку, то бок праводзіць апрацоўку будынку ад вошай».

Марына Адамовіч спадзяецца, што Мікола Статкевіч выйдзе на волю 3 траўня.

«Але з улікам усёй гэтай мярзотнасьці сумняваюся, што яны ня ўчыняць якое-небудзь чарговае мапэт-шоў з вывазам. Трэба разумець, што гэта расцэньваецца як выкраданьне. І калі ўжо чалавека ўзялі, то прад’явіце яго, а ня выкіньце дзе-небудзь пасярод гораду, дзе ён можа зноў зьнікнуць».

Паводле супрацоўнікаў праваахоўных органаў, Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна ў Менску ўжо 4 дні. Сувязь са Статкевічам зьнікла ўвечары 28 красавіка.

Днём пазьней Марыне Адамовіч патэлефанавалі зь Ленінскага РУУС Менску і сказалі, што яе муж асуджаны судом таго ж раёну на пяць сутак адміністрацыйнага арышту і знаходзіцца на Акрэсьціна. Адваката да Статкевіча не дапусьцілі.

Мікалай Статкевіч рыхтаваў чарговую вулічную акцыю. Ён перадаў у Менгарвыканкам сваю заяву, у якой паведаміў аб правядзеньні 1 траўня сьвяточнага сходу на Кастрычніцкай плошчы.