Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міколу Статкевіча ў турме ня можа наведаць адвакат


Да апазыцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча з 15 гадзін не прапускаюць адваката. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміла яго жонка Марына Адамовіч.

«Больш за тры гадзіны з адвакатам стаім пад сьценамі. Супрацоўнікі кажуць, што нібыта ў іх занятыя ўсе кабінэты, што ў іх з 15.00 да 16.00 быў абед», — распавяла яна.

«Адвакат мае права наведаць падабароннага. Мы так і ня ведаем, за што яго затрымалі, калі, якія яму выстаўленыя абвінавачаньні, у рэшце рэшт, ці ёсьць ён сапраўды тут», — дадала Адамовіч.

Паводле слоў жонкі палітыка, ёй паведамілі пра арышт Статкевіча толькі праз 18 гадзін «пасьля яго зьнікнення». «Таму я ня ўпэўненая, што ён менавіта тут. Мы хочам хаця б пераканацца, што ён знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў», — сказала Адамовіч.

Сувязь са Статкевічам зьнікла каля 17 гадзін 28 красавіка. Сёньня каля 11 гадзін Марыне Адамовіч патэлефанаваў намесьнік начальніка Ленінскага РУУС і паведаміў пра асуджэньне Статкевіча судом Ленінскага раёну Менску на пяць сутак адміністрацыйнага арышту, не назваўшы пры гэтым акалічнасьці прынятага рашэньня. Палітык знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна.

Мяркуецца, што арышт Статкевіча зьвязаны зь яго намерам правесьці 1 траўня акцыю на Кастрычніцкай плошчы Менску. Палітык заклікаў людзей прыйсьці ў цэнтар сталіцы, каб запатрабаваць выкананьня шэрагу патрабаваньняў эканамічнага і сацыяльнага характару.

Статкевіч таксама быў ізаляваны напярэдадні акцыі апазыцыі 25 сакавіка. Афіцыйныя прадстаўнікі МУС і КДБ заяўлялі, што асабіста ім нічога не вядома пра лёс апазыцыйнага палітыка. 27 сакавіка Статкевіч заявіў, што яго некалькі дзён трымалі ў КДБ. Камітэт дзяржаўнай бясьпекі гэта адмаўляе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG