Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Закрыць Кастрычніцкую плошчу будзе каштаваць 3,5 млрд даляраў», — Статкевіч пра 1 траўня


Мікола Статкевіч

Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу заклікала кіраўніцтва дэмакратычных партый і прафсаюзаў адзначыць 1 траўня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Менгарвыканкам дазволіў толькі мітынг у парку Дружбы народаў, забараніўшы нават шэсьце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор.

Але лідэр БНК Мікола Статкевіч папярэдзіў Менгарвыканкам: сьвяточны сход на 1 траўня адбудзецца на Кастрычніцкай а 14-й гадзіне. Палітык спасылаецца на Канстытуцыю і практыку суседніх краін, патрабуе «забясьпечыць бесьперашкоднае і бясьпечнае правядзеньне акцыі».

А калі ўсё перакрыюць?

«Перакрыць Кастрычніцкую плошчу магчыма, хаця больш складана, чым, напрыклад, Якуба Коласа ці плошчу каля Акадэміі навук, — разважае Статкевіч у камэнтары Свабодзе. — Але ня думаю, што здолеюць закрыць мэтро „Кастрычніцкая“, бо там перасадачны вузел.

Таму мы вырашылі, што будзем запрашаць удзельнікаў акцыі зьбірацца з боку ГУМу. Калі Кастрычніцкая плошча будзе перакрытая, або калі адкрытая, але паставяць загародкі, як яны любяць, то людзі зьбяруцца там, дзе іх спыняць.

А там ёсьць маса варыянтаў, куды пайсьці: з аднаго боку Адміністрацыя прэзыдэнта, зь іншага — Палац Рэспублікі, дзьве турмы, дзе цяпер знаходзяцца нявінныя людзі, 20 чалавек ні за што сядзяць, таксама ёсьць дзьве ўстановы, якія іх туды пасадзілі: КДБ і Міністэрства ўнутраных спраў.

Магчыма, будзе не сьвяточны сход, а сьвяточнае шэсьце. Бо сытуацыя ненармальная. Столькі дзесяцігодзьдзяў праходзілі ў цэнтры беларускіх гарадоў першамайскія дэманстрацыі, а ў канцы 1990-х у Менску іх гэтая ўлада забараніла, бо „Народная грамада“ брала ўдзел у гэтых шэсьцях, а потым узначальвала. Цяпер зьбіраюць людзей па нейкіх завугольлях, парках нейкіх на ўскраінах. Забаранілі цяпер і ў астатніх гарадах».

Лепей не перакрываць, бо дорага (але можа быць карысьць дзецям)

«Нешта мне падказвае, што для ўлады лепей проста даць нам магчымасьць правесьці сьвяточны сход і прыняць нашу рэзалюцыю, бо іншыя варыянты для іх значна горшыя. З інтэрвалам у месяц учыняць тую дурасьць, якая была месяц таму, гэта вельмі дорага.

Ім тая дурасьць ужо вельмі дорага каштавала: была ўжо дамоўленасьць даць 3,5 млрд даляраў ад Міжнароднага валютнага фонду. Цяпер крэдыт не далі. А яны ж гэтыя крэдыты на чыноўнікаў, на міліцыю, КДБ, суды, хакейныя турніры і рэзыдэнцыі трацяць...

Але шанец на крэдыт яшчэ ёсьць. Калі яны хочуць, каб шанцаў зусім не было, — хай закрыюць плошчу! Гэта будзе ўнікальны для сьвету выпадак: міліцэйская апэрацыя, якая каштуе 3,5 млрд даляраў. Таксама будзе вялікая карысьць: дзецям ня прыйдзецца аддаваць гэтыя грошы».

Ёсьць ідэі, што даць людзям і адкуль узяць грошы

«Мы гэтае сьвята вернем. Бо Дзень працы — цудоўнае сьвята. Але ёсьць і іншая задача: успомніць пра праблемы працоўных людзей. Праца — гэта ня толькі рукамі, гэта і праца галавой, і калі людзі прадаюць тавар, гэта таксама праца...

А цяпер у людзей, якія ня крадуць і працуюць, вялікія праблемы. Прыціскаюць усіх. Няма справядлівага ўзнагароджаньня за працу, цяпер вялікае беспрацоўе, падаткі для беспрацоўных. А ў якой сытуацыі апынуліся пэнсіянэры? У якой тыя ж індывідуальныя прадпрымальнікі? Пра ўсё гэта трэба казаць.

У нас ёсьць праект рэзалюцыі, цяпер падсумоўваем атрыманыя заўвагі да яго. Гэты праект будзем выносіць, галасаваць за яго і распаўсюджваць. І будзем казаць ня толькі пра тое, што трэба зрабіць і што людзям даць, але і пра тое, адкуль узяць на гэта грошы.

З нашых прапановаў людзі зразумеюць, на што цяпер ідуць грошы: 17 рэзыдэнцыяў адной пэрсоны чаго толькі вартыя, калекцыі лімузінаў і самалётаў... Гэта вельмі вялікія грошы. Той жа Палац Незалежнасьці, апошняя рэзыдэнцыя, каштуе сотні мільёнаў даляраў.

І яшчэ — у сьвеце 1 траўня сьвяткуецца як Дзень міжнароднай салідарнасьці працоўных. А нам патрэбная ўнутрыбеларуская салідарнасьць найперш: салідарнасьць з тымі людзьмі, якія пацярпелі ні за што, якім варʼяцкія абвінавачаньні высоўваюць, у якіх семʼі пакутуюць. Мы праявім зь імі салідарнасьць».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG