На праблемныя беларускія прадпрыемствы прыехалі расейскія інспэктары

Ілюстрацыйнае фота

Ад сёньняшняга дня экспэрты расейскага ведамства кантролю за якасьцю прадукцыі «Рассельгаснагляд» прыступілі да інспэкцыі беларускіх прадпрыемстваў, якія маюць праблемы з доступам на расейскі рынак.

Агенцтва БелТА са спасылкай на дырэктара Дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду Аляксандра Субоціна ўдакладняе, што дзьве групы спэцыялістаў працуюць у Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях.

Плянуецца, што праверкі працягнуцца да 9 красавіка. Па іх выніках Беларусь ужо ў красавіку разьлічвае на зьняцьце абмежаваньняў на пастаўку сваёй сельгаспрадукцыі ў Расею.

Цяпер абмежаваньні дзейнічаюць у дачыненьні да 12 малочных прадпрыемстваў, 8 мясакамбінатаў і 3 буйных птушкафабрык.

Пытаньне зьняцьця санкцыяў зь беларускіх вытворцаў харчаваньня сярод іншага абмяркоўвалася падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу.

Напярэдадні міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Заяц заявіў, што Менск ня будзе судзіцца з Масквой з прычыны недапаставак беларускага харчаваньня на расейскі рынак. Раней такая магчымасьць не выключалася. «Не ў судзе пытаньні трэба вырашаць, а дамаўляцца», — лічыць кіраўнік аграрнага ведамства Беларусі.