Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рассельгаснагляд выкрыў «махлярскія схемы» паставак беларускай прадукцыі


Супастаўляючы статыстычныя дадзеныя пра пастаўкі беларускіх тавараў у пэрыяд з 1 па 22 студзеня, Рассельгаснагляд устанавіў, што з 4173 партыяў прадукцыі 1545 былі ўвезеныя ў абыход вэтэрынарных кантрольных пунктаў на расейска-беларускай мяжы.

«Пра махлярскія схемы з пастаўкамі беларускай прадукцыі ў абыход часовых кантрольных вэтэрынарных пунктаў» Рассельгаснагляд паведаміў на сваім сайце.

Увезеная такім чынам беларуская прадукцыя была рэалізаваная на тэрыторыі Смаленскай, Бранскай, Пскоўскай і Маскоўскай абласьцей, а таксама ў Краснадарскім краі Расеі.

У зьвязку з гэтым Рассельгаснагляд патрабуе, каб галоўныя вэтынспэктары названых субʼектаў Расеі патлумачылі, якім чынам прымаецца прадукцыя, якая не прайшла вэткантролю на мяжы. А гэты кантроль прадугледжвае, сярод іншага, адбор пробаў і правядзеньне дасьледаваньняў на адпаведнасьць прадукцыі патрабаваньням бясьпекі.

Сёньня ж Рассельгаснагляд паведаміў, што ўводзіць дадатковыя патрабаваньні пры ўвозе зь Беларусі прадукцыі, якая нясе рызыку распаўсюду афрыканскай чумы сьвіней (АЧС).

Пра гэта расказала РИА Новости прэс-сакратар ведамства Юлія Мелана:

«Прадукцыя, якая ўвозіцца зь Беларусі, павінна суправаджацца дазволам на ўвоз, які будзе выдавацца на беларускую прадукцыю, якая нясе рызыку распаўсюджваньня АЧС».

Сёньня ж у Омскай вобласьці Расеі быў зьнішчаны 861 кіляграм ківі, якія паходзяць з Грэцыі, а ў Расею былі завезеныя з тэрыторыі Беларусі.

3 лютага Аляксандар Лукашэнка выказаўся наконт прэтэнзіяў Масквы да беларускіх харчоў і паабяцаў распачаць крымінальную справу супраць кіраўніка Рассельнаснагляду Сяргея Данкверта за «нанясеньне шкоды дзяржаве».

7 лютага Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі выступіла з заявай, у якой гаворыцца, што службовых асобаў Рассельгаснагляду падазраюць у дыскрэдытацыі дзелавой рэпутацыі беларускіх прадпрыемстваў. Цяпер праводзіцца шэраг праверак па дзеяньнях, якія зьмяшчаюць прыкметы злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 249 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Дыскрэдытацыя дзелавой рэпутацыі канкурэнта»)«.

У сваю чаргу, Рассельгаснагляд заявіў, што ня бачыць прычынаў для хваляваньня з нагоды заяваў МУС Беларусі.

Пазьней Рассельгаснагляд адклаў візыт сваіх адмыслоўцаў у Беларусь, асьцерагаючыся «правакацыйных дзеяньняў зь беларускага боку».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG