Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск не прымае абвінавачаньняў Масквы ў рээкспарце прадукцыі з трэціх краінаў


Ілюстрацыйнае фота

Беларусь разьлічвае аднавіць пастаўкі прадукцыі прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу ў Расею ўжо ў красавіку, сказаў сёньня журналістам міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Леанід Заяц.

Цяпер шэрагу беларускіх вытворцаў абмежаваны ці цалкам закрыты доступ на расейскі рынак. Усяго ў «чорным сьпісе» 23 прадпрыемствы, сярод іх 12 малочных, 8 мясакамбінатаў і 3 птушкафабрыкі.

Міністар удакладніў, што на даручэньне прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна спэцыялісты «Рассельгаснагляду» правядуць на гэтым тыдні інспэкцыю прадпрыемстваў, да якіх былі прэтэнзіі з расейскага боку. Чыноўнік спадзяецца, што цягам 10-12 дзён праблема будзе вырашана.

Расея неаднаразова вінаваціла саюзьніка ў нядобрасумленным бізнэсе на рээкспарце з тых дзяржаваў, якія падпадаюць пад харчовае эмбарга Масквы. Аднак кіраўнік аграрнага міністэрства заявіў, што Беларусь мае права набываць прадукцыю, перапрацоўваць яе на сваёй тэрыторыі і пастаўляць на замежны рынак — у тым ліку гэта тычыцца трэціх краінаў, абкладзеных расейскімі контрасанкцыямі.

Акрамя таго, Леанід Заяц запэўніў, што Менск ня будзе судзіцца з Масквой з прычыны недапаставак беларускага харчаваньня на расейскі рынак. Раней такая магчымасьць не выключалася. «Не ў судзе пытаньні трэба вырашаць, а дамаўляцца», — сказаў міністар.

У другой палове красавіка ў Маскве пройдзе сумесная калегія аграрных ведамстваў, месцам яе правядзеньня анансаваўся Менск.

XS
SM
MD
LG