Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 прэтэнзій «Рассельгаснагляду» да беларускіх харчовых паставак


Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт

Кіраўнік Фэдэральнай службы па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) Сяргей Данкверт у інтэрвію РБК выказаў прэтэнзіі Расеі да паставак харчовай прадукцыі зь Беларусі. Менск абвінавачваюць у кантрабандзе і фальсыфікацыі прадукцыі.

Пра нежаданьне Расеі працаваць з дробнымі пастаўшчыкамі зь Беларусі

У беларускіх вытворцаў кожны год расьце колькасьць прадпрыемстваў, якія яны атэстуюць на пастаўкі ў Расею. Гэта добра, мы іх віншуем. Але часьцяком гэта дробныя РайПО, якія нам вязуць украінскую ялавічыну са зрэзанымі клеймамі. Нам гэта ня трэба. Вы «дробязь» пакіньце для свайго рынку. А нам патрэбныя тыя, хто адказвае за пастаўку прадукцыі больш сур’ёзна.

Пра тое, як Беларусь зарабляе на санкцыях супраць Расеі

Беларусь — наш бліжэйшы партнэр, які вельмі актыўна хоча скарыстацца сытуацыяй, калі расейскі рынак закрылі для паставак з ЭЗ, з Украіны. І ён вельмі часта паводзіць сябе нядобрасумленна.

У Расеі зь Беларусьсю няма мяжы як такой. У выніку то ўкраінская прадукцыя едзе, то нібыта бразыльская, якая выйшла зь Нямеччыны ці Польшчы на самай справе. На жаль, рэальнасьць такая.

Пра тое, як беларусы прызнаюцца ў махлярстве

Адбываюцца рэчы, якія сталі ўжо хадзячай назвай, напрыклад, пастаўкі крэвэтак зь Беларусі. Крэвэткі, вядома, самае сьмешнае. Але беларусы яшчэ, напрыклад, вязуць вялікую колькасьць яблыкаў. Потым пытаесься: «Як жа вы іх выгадавалі ў такім аб’ёме?» Яны адказваюць: «Не, мы іх экспартуем». Але пачакайце, вы ж пісалі ў дакумэнтах, што гэта ваша вытворчасьць? Калі год прайшоў, ужо можна прызнавацца [у рээкспарце], таму што гэта ўсё ў мінулым.

Пра небывалую «ўраджайнасьць» беларускай садавіны і гародніны

Пастаўкі гародніны і садавіны зь Беларусі за тры гады вырасьлі ў 2,8 разы! Калі за восем месяцаў 2013 году было ўвезена 135,6 тысяч тон, то ў студзені-жніўні 2016 году — 441 тысяч тон. За два зь лішнім гады ад часу ўвядзеньня харчовага эмбарга выяўлена больш за 570 выпадкаў паступленьня прадукцыі па падробных фітасанітарных сэртыфікатах краіны паходжаньня.

Пра няздольнасьць беларусаў выпускаць нармальную малочную прадукцыю

Толькі за апошні час мы адклікалі 40 дэклярацый на беларускую [малочную] прадукцыю, таму што яна не адпавядае паказчыкам па тлушчы і бялку. Нашы беларускія калегі ня могуць выпускаць прадукцыю з нармальным утрыманьнем бялкоў і ў сілу, напэўна, пэўнай хцівасьці пачынаюць «хімічыць». Згодна з нашым дасьледаваньнем, больш за 40% пробаў пітнога малака зь Беларусі паказала наяўнасьць сухога малака. Пры тым што гэта забаронена тэхнічным рэглямэнтам Мытнага саюзу.

Пра тое, што беларуская прадукцыя таньнейшая з-за таго, што сфальсыфікаваная

«Непрыняцьце мер вядзе да таго, што пастаўкі прадукцыі зь Беларусі павялічваюцца, і павялічваюцца такімі тэмпамі, якімі не павялічваецца вытворчасьць. З пункту гледжаньня бясьпекі ніхто ня можа сказаць, што выкарыстоўваецца пры вытворчасьці. Канкурыраваць з прадукцыяй зь Беларусі складана — яна таньнейшая, шмат у чым за кошт таго, што яна сфальсыфікаваная. Вядома, печань і ныркі вытрымліваюць дастаткова доўга, можна нейкі час „не замарочвацца“. Гэта ж не мышʼяку адразу выпіў, гэта ж малака папіў фальсыфікаванага, нічога страшнага».

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG