Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь абмежавала ўвоз расейскай сьвініны


Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства сельскай гаспадаркі мае ўвесьці дадатковыя захады, каб не дапускаць увозу ў Беларусь сьвініны з Краснадарскага краю, Арлоўскай, Валгаградзкай, Варонескай і Маскоўскай абласьцей Расеі.

Увоз абмежаваны ў сувязі з новымі выпадкамі захворваньня жывёлаў на афрыканскую чуму сьвіней у згаданых рэгіёнах. У Беларусь адтуль ня будуць дапускаць жывых сьвіней, сьвініну, прадукты перапрацоўкі, паляўнічыя трафэі, харчовыя дадаткі для катоў і сабак, гатовае харчаваньне без тэрмічнай апрацоўкі. Таксама неабходна зрабіць дадатковыя захады кантролю, каб забясьпечыць біялягічную абарону буйных сьвінагадоўчых комплексаў, фэрмаў і гаспадарак, гаворыцца ў дакумэнце.

Выпадкі афрыканскай чумы сьвіней зафіксаваныя сёлета ва ўсіх краінах-суседках Беларусі. Тым часам на Берасьцейшчыне ў некаторых вёсках людзі масава забіваюць сьвіней на ўласных падворках, а ўлады кажуць, што прычына — «нейкая інфэкцыя».

Расея рэгулярна вядзе зь Беларусьсю «харчовыя войны», забараняючы ўвоз беларускіх прадуктаў як «няякасных». На гэта ў верасьні чарговым разам зьвяртаў увагу Аляксандар Лукашэнка. Расея ж адказала, што ніякага блякаваньня беларускіх харчоў няма.

XS
SM
MD
LG