Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь — клясычны марадэр», — Ярашук лічыць, што «мяса-малочныя» прэтэнзіі Расеі абгрунтаваныя


Аляксандар Ярашук

Цягам лютага Рассельгаснагляд забараніў увоз малочнай і харчовай прадукцыі з шэрагу прадпрыемстваў Беларусі. Расейскі бок тлумачыць гэта санітарнымі парушэньнямі, а таксама махлярствам і фальсыфікацыямі.

9 лютага Рассельгаснагляд паведаміў, што «на просьбу беларускага боку ўводзіць нагляд за прадукцыяй ад пункту перасячэньня адміністрацыйнай мяжы да месца рэалізацыі». Ведамства тлумачыць гэта тым, што расейскі бок фіксуе вялікую колькасьць спробаў увозу ў Расею з тэрыторыі Беларусі жывёлагадоўчай прадукцыі невядомага паходжаньня і неадпаведнай якасьці, а Беларусь у сваю чаргу сьцьвярджае, што, на яе думку, уся гэтая прадукцыя ёсьць сфальсыфікаванаю і вырабляецца на тэрыторыі Расеі.

Старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, які значную частку сваёй кар’еры прысьвяціў аграпрамысловаму комплексу, на просьбу Свабоды паразважаў, у чым прычына чарговага абвастрэньня «мяса-малочнай вайны» і чым гэта пагражае беларускай эканоміцы.

«Тут дамінуе палітычны чыньнік. Але ён не адзіны. Таму што ёсьць праблема і ў якасьці беларускай прадукцыі. І дакладна ёсьць праблема рээкспарту ўкраінскага мяса, у першую чаргу ялавічыны. Беларусь дагулялася, і цяпер у Рассельгаснаглядзе прынята строгае рашэньне пра спыненьне паставак мяса, у прыватнасьці зь Менскай вобласьці, прадукцыю зь якой найбольш падазраюць ва ўкраінскім паходжаньні».

Ярашук лічыць, што праблема абвастрэньня — у нахабных паводзінах беларускай улады, якая цягам многіх гадоў выкарыстоўвае канфлікты Расеі зь іншымі краінамі для сваіх інтарэсаў:

«Трэба быць больш гнуткімі, прадбачлівымі і адказнымі. А Беларусь працягвае паводзіць сябе вельмі нахабна, напрыклад, зразаючы ўкраінскія пячаткі з тушаў ялавічыны і рээкспартуючы іх у Расею. Тое самае з садавіной. За апошнія два гады Беларусь пачала пастаўляць у пяць разоў больш яблыкаў. Расея разумее, што гэта польскі тавар. Беларускія ўлады разьлічваюць на тое, што, раз сыходзіла з рук раней, значыць, сыдзе і зараз. Беларусь жа рабіла тое самае, калі Расея вяла „харчовыя войны“ з Грузіяй і з Малдовай. Але цяпер зьмянілася сытуацыя, і расейскай кіраўніцтва разглядае гэта як нахабны зьдзек. Дзеля справядлівасьці, вядома, трэба сказаць, што і ў Расеі ёсьць адпаведныя бізнэс-структуры, зацікаўленыя ў гэтым рээкспарце. Але агулам Беларусь праводзіць клясычную палітыку марадэра, які нажываецца на канфліктах паміж трэцімі краінамі. Вельмі кепска, што мы так сапсавалі свой імідж».

Што да пагрозаў Лукашэнкі распачаць крымінальную справу http://www.svaboda.org/a/28276982.html супраць Сяргея Данкверта, кіраўніка Рассельгаспагляду, «за нанясеньне ўрону дзяржаве», Аляксандар Ярашук лічыць іх «сьмешнымі»:

«Гэта абсалютна безадказныя і сьмешныя пагрозы Лукашэнкі ў бок кіраўніка Рассельгаснагляду. Але раней усе такія словы і пагрозы сыходзілі з рук і расейскі бок адступаў, а на гэты раз відавочна, што Расея будзе гнуць сваю лінію да канца. Гэта абумоўлена тымі падзеямі, якія адбываюцца зь яе ўдзелам — і Данбас, і Сырыя, і амэрыканскія выбары».

Для Беларусі страта хаця б часткі расейскага рынку будзе катастрофай, таму што 95% экспарту малочнай і мясной прадукцыі скіравана менавіта туды, лічыць экспэрт:

«Тэрмінова трэба мяняць палітыку, асабліва гэта тычыцца авантуры з рээкспартам украінскага мяса. Таксама трэба трымаць узровень якасьці. Вядома, я не кажу, што нашы харчы з атрутай, але абвінавачваньні ў неадпаведнасьці стандартам маюць падставы. Уладам трэба прыслухацца да здаровага сэнсу і мяняць палітыку ў дачыненьні да экспарту прадуктаў харчаваньня ў Расею. Якраз тут без Расеі мы згінем. Тым больш што ўжо і цяпер сельская гаспадарка ў кепскім стане. „Харчовыя войны“ паміж Беларусьсю і Расеяй ідуць больш за 10 гадоў. І падчас кожнага абвастрэньня гучаць загады знайсьці новыя рынкі збыту. Неаднаразова чыноўнікі езьдзілі ў розныя краіны з мэтай знайсьці гэтыя рынкі. І што знайшлі? Нічога. Па-ранейшаму экспартуем амаль што толькі ў Расею».

Аляксандр Ярашук не сумняваецца, што махлярствы, у якіх вінаваціць Расея беларускіх вытворцаў, робяцца са згоды ўлады; ніякі кіраўнік заводу ня пойдзе на такія сумнеўныя авантуры, як рээкспарт забароненай у Расеі ўкраінская ялавічыны пад выглядам беларускага мяса:

«У другой палове 90-х я працаваў першым намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму. У мяне вочы на лоб лезьлі, калі я чуў загады з вуснаў вышэйшага кіраўніцтва мяшаць трысьняговы і бураковы цукар для адпраўкі ў Расею ды іншыя падобныя ініцыятывы. Таму я не сумняваюся, што гэта ўсё кантралюе дзяржава. Гэта і ёсьць сутнасьць дзяржаўнай палітыкі. Ніякі кіраўнік прадпрыемства ня будзе рабіць такіх махлярстваў бяз згоды на вышэйшым узроўні. Ніхто без дазволу не дапусьціць безадказных авантур, асабліва што тычыцца рээкспарту ўкраінскага мяса ці літоўскага малака».

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG