Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ўвяла забарону на пастаўкі мяса птушкі з Магілёва


Супраць найбуйнейшага на Магілёўшчыне вытворцы мяса птушкі — філіялу «Сэрвалюкс-Агра» ўведзеныя часовыя абмежаваньні на пастаўнікі прадукцыі ў Расейскую Фэдэрацыю. Пра гэта гаворыцца на сайце Фэдэральнай службы па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

Рашэньне абмежаваць пастаўкі прадукцыі з магілёўскага прадпрыемства расейскага ведамства пачало дзейнічаць 6 лютага.

Тым часам Дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага ўвёў такія ж санкцыі супраць «Сэрвалюкса-Агра». Беларускае ведамства прыпыніла вэтэрынарную сэртыфікацыю на вырабленую гэтым прадпрыемствам прадукцыю, якая экспартуецца ў Расейскую Фэдэрацыю.

Часовыя абмежаваньні, адзначаецца на сайце расейскага ведамства, Дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь увёў «у сувязі зь неаднаразовымі парушэньнямі мікрабіялягічных паказчыкаў у прадукцыі».

Як вынікае з гэтага ж паведамленьня, беларускі бок вымушаны быў адрэагаваць на тое, што спэцыялісты расейскай фэдэральнай службы неаднаразова выяўлялі «парушэньні падчас правядзеньня маніторынгавых дасьледаваньняў прадукцыі, вырабленых адзначаным прадпрыемствам, якая паступае на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі».

Кіраўніцтва акцыянэрнага таварыства «Сэрвалюкс» заяўляе, што прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме, адгрузка прадукцыі адбываецца ў поўным аб’ёме.

«Пытаньні зь Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі і Рассельгаснаглядам вырашаюцца ў працоўным парадку. Больш сказаць няма чаго», — сказалі на прадпрыемстве са спасылкай на першага намесьніка генэральнага дырэктара.

Рассельгаснагляд з 6 лютага ўвёў часовыя абмежаваньні на пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з усіх прадпрыемстваў Менскай вобласьці.

Падставай для гэтага стала «наяўнасьць на тэрыторыі Менскай вобласьці Беларусі махлярскіх схем з пастаўкамі ў Расею ўкраінскай і эўрапейскай мясной сыравіны, якая выдаецца за беларускую».

На прэс-канфэрэнцыі 3 лютага кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прапанаваў распачаць супраць кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта крымінальную справу за перашкоды пастаўкам беларускіх харчоў.

7 лютага Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі апублікавала заяву пра тое, што цяпер праводзіцца шэраг праверак «па дзеяньнях, якія зьмяшчаюць прыкметы злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 249 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь („Дыскрэдытацыя дзелавой рэпутацыі канкурэнта“)».

У заяве гаворыцца, што МУС Беларусі «мае дадзеныя аб тым, што асобныя службовыя асобы Фэдэральнай службы па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расейскай Фэдэрацыі (Рассельгаснагляд) у інтарэсах, не зьвязаных зь іх прафэсійнай дзейнасьцю, без наяўнасьці дастатковых падстаў і ў парушэньне нормаў міжнароднага права абмяжоўвалі магчымасьць рэалізацыі беларускай прадукцыі на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, а таксама ажыцьцяўлялі распаўсюд недакладнай інфармацыі, якая дыскрэдытуе айчынных вытворцаў».

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG