Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават калі Данкверт захоча, не атрымаецца»: Лукашэнка абурыўся «харчовымі войнамі»


Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з губэрнатарам Кастрамской вобласьці Расеі Сяргеем Сітнікавым выказаў абурэньне забаронамі паставак у Расею беларускіх прадуктаў, а таксама зноў успомніў расейскага віцэ-прэм’ера Сяргея Данкверта, супраць якога раней загадаў распачаць крымінальную справу.

«У ранейшыя часы аб’ёмы нашага ўзаемнага гандлю перавышалі 100 млн даляраў, — казаў Лукашэнка пра гандаль з Кастрамской вобласьцю Расеі. — Ня з кожнай буйной краінай у нас такі таваразварот. Але за апошнія два гады аб’ёмы таваразвароту значна скараціліся, што мяне вельмі хвалюе. Вось стварылі інтэграцыю... Мяне гэта хвалюе. Я пра гэта кажу, а гэта выклікае нейкае неразуменьне або адтаргненьне ў Маскве і ў Менску ў некаторых. Але пра гэта трэба казаць, і трэба гэтыя вузкія месцы знаходзіць і неяк склейваць нашы адносіны. Замест таго каб ліквідаваць нэгатыў, уводзіцца забарона на пастаўкі ялавічыны ў Расею. Як гэта разумець?»

За апошні час таваразварот скарачаецца ня толькі з Кастрамской вобласьцю, а і з усёй Расеяй, і з бальшынёй іншых краінаў. Паводле зьвестак Белстату, абарот зьнешняга гандлю Беларусі скараціўся за першыя 11 месяцаў 2016 году на 12,4%. Экспарт упаў на 14,5%, імпарт — на 10,4%.

Пастаўкі ялавічыны — не адзінае пытаньне ў неабвешчаных «гандлёвых войнах»: Расея не пускае ня толькі беларускую ялавічыну, але і іншыя віды мяса, малочную прадукцыю, абураецца беларускімі крэвэткамі і папаяй.

Кіраўнік Беларусі заклікаў Расею разабрацца, перад тым як абмяжоўваць увоз прадуктаў:

«Вядома, мы не загінем, — казаў Лукашэнка. — Сёньня сьвет стаў глябалізаваны. Так, будзе цяжка страціць расейскі рынак. Ня ўвесь мы яго страцім. Нават калі Данкверт захоча, не атрымаецца. Але, тым ня менш, я ніяк не магу зразумець, навошта гэта робіцца».

Ён прызнаў, што бываюць спробы паставак харчоў у Расею па «шэрых схемах», але заявіў, што Менская вобласьць, зь якой нядаўна забаранілі пастаўкі ялавічыны, тут ні пры чым, а «жулікаў хапае». Замежная сельскагаспадарчая прадукцыя ў Беларусі перапрацоўваецца легальна, дадаў ён, таму можа легальна пастаўляцца на расейскі рынак.

Лукашэнка заявіў, што ў 90-х, калі ён стаў прэзыдэнтам, перад Беларусьсю стаяў выбар, ці інтэгравацца з Захадам, ці з Расеяй:

«Я абраў другое. Увесь адказ, куды Лукашэнка павярнуў або паварочвае — на Захад ці на Ўсход. Да таго ж мы правялі рэфэрэндум з маёй ініцыятывы: быць з Расеяй ці ня быць. І больш за дзьве траціны адназначна сказалі: так, мы з Расеяй».

На рэфэрэндум 1995 году на самой справе не выносілася альтэрнатыўнае пытаньне пра Захад ці Ўсход: сярод іншага тады пыталі, ці падтрымліваюць беларусы «дзеяньні прэзыдэнта, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй». Паводле афіцыйных вынікаў, станоўча адказалі 83,3% з тых, хто галасаваў (54% усяго электарату). Зрэшты, рэфэрэндум быў прызначаны з парушэньнямі. У прыватнасьці, законы не дапускалі тады выносіць на рэфэрэндум некаторыя пытаньні, уключаныя ў бюлетэні (пра мову і сымболіку). Праводзіўся ён таксама з парушэньнямі. АБСЭ назвала яго неадпаведным міжнародным нормам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG