Ірацкая армія пры падтрымцы кааліцыі на чале з ЗША пачала новы наступ на раёны заходняга Мосулу, якія знаходзяцца пад кантролем экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава». Вайсковае камандаваньне паведаміла, што вайскоўцы спрабуюць прабіцца да цэнтра старога гораду, дзе разьмешчаныя органы ўлады правінцыі.
Апэрацыя па аднаўленьні ўрадавага кантролю над Мосулам працягваецца з кастрычніка мінулага году. Ірацкім вайскоўцам атрымалася выбіць ісламістаў з усходніх раёнаў гораду і аэрапорта Мосула. 1 сакавіка ўрадавая армія ўзяла пад кантроль апошнюю буйную дарогу з заходняга Мосула.
Паводле дадзеных Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, за апошнія два тыдні каля 45 тысяч жыхароў Мосула пакінулі горад. Толькі за 28 лютага з Мосула зьехалі больш за 17 тысяч чалавек.