«Магілёўхімвалакно»: за крызіс расплачваюцца працаўнікі

Людзі заяўляюць, што спачатку зьвярталіся ў прафсаюзны камітэт прадпрыемства, але там рады не далі. Пасьля звароту ў прафкам ініцыятары зазналі перасьлед з боку кіраўніцтва.

Пра грамадзкую незадаволенасьць апавяла адна з працаўніц. Яна робіць у цэху са шкоднай вытворчасьцю. І сьцьвярджае, што за два першыя месяцы году заробак зьменшыўся амаль удвая.

«Калі ў нас было чатыры мільёны, то цяпер — два мільёны чатырыста. Мы накіравалі калектыўны ліст прэзыдэнту. Наша начальства нам усьміхаецца і кажа, што не спадзявайцеся ні на што добрае. Нам так і кажуць адкрытым тэкстам, што на 2015 год няма бізнэс-пляну і рыхтуйцеся да таго, што нас зачыняць. Зьвярталіся мы і ў свой прафкам. Прафкам за нас не заступіўся».

Паводле суразмоўніцы, пасьля звароту ў прафкам на найбольш актыўных пратэстоўцаў пачаўся ціск:

«Абраных людзей выклікала наша начальства і тыкала, што мы нечым незадаволеныя. Нас пачалі душыць. Выклікалі па адным».

Працаўнікі шкодных вытворчасьцяў заяўляюць, што адміністрацыя змушае іх пераводзіцца ў іншыя цэхі, каб не плаціць даплаты да пэнсіяў. Гэта таксама адзначана ў лісьце прэзыдэнту. Пад ім падпісаліся больш за сотню працаўнікоў.

У прафкаме «Хімвалакна» кажуць, што ў іх няма зьвестак, што работнікі зазнаюць перасьлед за сваю пазыцыю. Пра скаргу прэзыдэнту ня чулі.

«Быў зварот у прафсаюзны камітэт наконт нізкай заработнай платы. Мы сустракаліся зь людзьмі. Кіраўніцтва цэху дало ўказаньне распрацаваць магчымасьці для павышэньня заработнай платы. Сярэдні заробак на прадпрыемстве ў нас — чатыры мільёны, як і па вобласьці», — паведамілі ў прафкаме.

Пра тое, што сытуацыя на прадпрыемстве пагоршылася, кажуць працаўнікі і іншых падразьдзяленьняў. Хто ня трапіў пад скарачэньне, звальняюцца самі.
Я ня памятаю часоў, каб у нас была добрая сытуацыя.

«Я калі пачынаў працаваць, нас было блізу 20 тысяч, а цяпер — толькі восем. Колькасьць людзей вялікая, абсталяваньне старое. Бязь нейкіх новых укладаньняў, зразумела, „Хімвалакно“ будзе зьмяншацца ў памерах, аб’ёмах вытворчасьці і гэтак далей. Я ня памятаю часоў, каб у нас была добрая сытуацыя. У нас увесь час нешта кепска. Нам не хапае грошай», — зазначае адзін з інжынэраў.

Пра пэрспэктывы прадпрыемства на пачатку году выказваўся старшыня гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка. Паводле яго, «Хімвалакно» пакрысе будзе скарачаць аб’ёмы, і людзі будуць адтуль сыходзіць:

«Зьявіцца новая вытворчасьць, якая будзе ў разы выпускаць больш прадукцыі ў грашовым выражэньні. На ёй будзе працаваць ня сем тысяч чалавек, а паўтары тысячы».

Прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч, які ўчора наведваў «Хімвалакно», таксама прызнаў, што прадпрыемства ў крызісе:

«„Магілёўхімвалакно“ — гэта праблемнае прадпрыемства. Гаварыць пра вялікі ўнёсак і пэрспэктывы не выпадае. Калі тэрмінова не прыняць новых прынцыповых рашэньняў, гэтае прадпрыемства ня мае пэрспэктываў у тым выглядзе, у якім ёсьць сёньня».

Паводле афіцыйных крыніцаў, на мадэрнізацыю прадпрыемства зьбіраюцца выдзеліць цягам трох гадоў 276,5 мільёнаў даляраў.

Пра сур’ёзныя праблемы на флягмане магілёўскай прамысловасьці ўпершыню публічна заявілі ў траўні 2010 году. Тады было прызнана, што прадпрыемству не хапае сыравіны, якую пастаўлялі з Расеі. Дзеяньні расейскага боку расцэньваліся як парушэньне міжурадавых пагадненьняў зь Беларусьсю. Спэцыялісты адзначаюць, што доўгі час «Хімвалакно» пасьля распаду Савецкага Саюзу заставалася закладнікам старых эканамічных сувязяў.