Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дазвол далі, а на будоўлю не пусьцілі


Плякат з выявай раёну забудовы Астравецкай АЭС у Інфармацыйным цэнтры будаўніцтва станцыі
Плякат з выявай раёну забудовы Астравецкай АЭС у Інфармацыйным цэнтры будаўніцтва станцыі

Каб зрабіць рэпартаж пра будоўлю станцыі, карэспандэнт Радыё Свабода падаў у Дырэкцыю будаўніцтва Астравецкай АЭС усе дакумэнты, якія там ад яго запатрабавалі.

Дазвол атрымаў, але калі прыехаў у Астравец, яму заявілі, што будаўнічую пляцоўку ён наведаць ня можа, бо нібыта нестае яшчэ паперы зь Мінэнэрга.

Першае, што я зрабіў, каб наведаць будаўнічую пляцоўку Астравецкай АЭС, — зьвярнуўся ў прэс-службу Міністэрства энэргетыкі РБ і запытаў, якія дакумэнты трэба падаць, каб атрымаць дазвол.

Прэс-сакратар накіравала ў Дырэкцыю будаўніцтва АЭС. Там мне прапанавалі запоўніць тыповую анкету з маімі дадзенымі для начальніка аддзелу спэцыяльнай бясьпекі В.Латыпава, а таксама падаць тыповае прашэньне на фірмовым блянку ад рэдакцыі на імя дырэктара будаўніцтва станцыі М.Філімонава.

Праз два тыдні, якія патрабуюцца для разгляду дакумэнтаў, мне паведамілі, што заўтра, 19 сакавіка, я магу наведаць будаўнічую пляцоўку станцыі. Праўда, удакладнілі — што канкрэтна хачу пабачыць і з кім паразмаўляць? Я адказаў, што мяне цікавіць сустрэча з рабочымі, якія робяць на пляцоўцы, а таксама хацеў бы задаць некалькі пытаньняў кіраўнікам будоўлі наконт графікаў і тэмпаў будаўніцтва.

Якраз напярэдадні падчас сустрэчы Уладзімера Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам у Пецярбургу з вуснаў расейскага прэзыдэнта прагучала, што будоўля Астравецкай АЭС вядзецца з апераджэньнем графіку на некалькі месяцаў і што першы блёк АЭС запрацуе ў 2018 годзе.

А 19 сакавіка, калі я праехаў 240 кілямэтраў, ужо ў Астраўцы супрацоўнік інфармацыйнага цэнтру будаўніцтва АЭС раптам сказаў, што наведаць будаўнічую пляцоўку я не магу — нібыта з той прычыны, што нестае паперы зь Міністэрства энэргетыкі.

Тэлефанаваць да высокага начальства, якое яшчэ ўчора мне сказала, што я магу наведаць будаўнічую пляцоўку АЭС, ня стаў, бо мне патлумачылі, што ў адказ пачую тое самае.

Забудова новага мікрараёна на ўскрайку Астраўца для будаўнікоў і ў далейшым спэцыялістаў атамнай станцыі
Забудова новага мікрараёна на ўскрайку Астраўца для будаўнікоў і ў далейшым спэцыялістаў атамнай станцыі


Забудова новага мікрараёна на ўскрайку Астраўца для будаўнікоў і ў далейшым спэцыялістаў атамнай станцыі
Забудова новага мікрараёна на ўскрайку Астраўца для будаўнікоў і ў далейшым спэцыялістаў атамнай станцыі


На будаўнічую пляцоўку я так і ня трапіў. Тым ня менш, каб не вяртацца з Астравеччыны з пустымі рукамі, наведаў вёскі вакол станцыі і запытаўся, што думаюць мясцовыя жыхары пра будоўлю і пра тое, як узьдзейнічае такое суседзтва на іх жыцьцё.

Дарэчы, у засьнежаных вёсках Гродзі, Валэйкуны, Вашлуны жывуць пераважна людзі пэнсійнага веку. Разам яны зьбіраюцца два разы на тыдзень, калі прыяжджае аўталаўка. Вось іх меркаваньні:

Спадарыня: «Ды навошта яна тут патрэбная, і навошта яе ставяць, гэтую станцыю? Людзі так кажуць, а што далей будзе — невядома. Я то ўжо яе не дачакаю, але ніхто тут гэтым не задаволены».

Спадарыня: «Стукаюць там, працуюць. Наш зяць і сын там, бо ў калгасе зараблялі 2 мільёны, а там па 6 зарабляюць. Сталовая ёсьць, кормяць, апранаюць і адзеньне добрае даюць, нават зімовыя ватнікі. Атамная для заробкаў — гэта добра, а для жыцьця — хто моцны, той будзе жыць...»

Спадар: «А нас, старых, тут толькі сьмерць чакае. Дый потым тут мала хто будзе жыць...»

Шафёр аўталаўкі: «Мясцовым жыхарам будзе танная электраэнэргія, і электраэнэргію будзем прадаваць за граніцу, будзем мець грошы за гэта. Правільна я кажу? Правільна. Усё будзе, і ўсё будзе па-іншаму».

Спадар: «Мы ж яе не будуем. Расейцы будуюць, яны яе і забяруць. Карацей: трапілі мы ў палон, і ўсё тут. Мы яе самі і не пабудавалі б».

Астравецкі актывіст АГП Іван Крук, які адпачатку выступае супраць будоўлі АЭС, распавядае, што ў раёне па-ранейшаму шмат людзей, якія застаюцца прыхільнікамі будаўніцтва, але за апошнюю зіму шмат хто перагледзеў сваё стаўленьне.

Жыхары вёскі Валэйкуны, якія распавялі пра сваё стаўленьне да будоўлі АЭС побач зь іхнімі хатамі
Жыхары вёскі Валэйкуны, якія распавялі пра сваё стаўленьне да будоўлі АЭС побач зь іхнімі хатамі


Паводле Крука, мясцовыя жыхары, уладкаваўшыся на працу, узводзяць пераважна за межамі пляцоўкі АЭС аб’екты інфраструктуры, якія павінны забясьпечыць працу вытворчай базы. Фінансуюць іх за кошт беларускага бюджэту, а не расейскага крэдыту, і заробкі, нягледзячы на няпростыя ўмовы працы, адносна расейскіх невысокія.

Крук: «Таму і эканомяць на грашах і на іншым. Людзі, хто папрацаваў, ня вельмі задаволеныя, паколькі бачаць, што расейскія спэцыялісты, якія там працуюць, атрымліваюць значна большыя грошы».

У пацьверджаньне слоў Крука выказаўся і рабочы Аляксей, які рабіў на ўзьвядзеньні інфраструктурных аб’ектаў станцыі. Паводле яго, працаваць даводзілася вахтавым мэтадам па два тыдні. Праўда, многія пазьней адмовіліся ад гэтай працы.

Спадар: «Калі быў даўжэйшы сьветлавы дзень, то мы працавалі там па 11 гадзін. Зімою меней, бо дзень карацейшы. Абяцалі нам па 5 мільёнаў, але гэтага мы не атрымліваем. Па трэцім разрадзе здараецца, што хлопцы і трох мільёнаў не атрымліваюць. Па чацьвёртым яшчэ, можа, чатыры — чатыры з паловай мільёны выходзіць».

Спадар Аляксей кажа, што рабочых не задавальняюць і камандзіровачныя, якія на суткі складаюць 44 тысячы. Адзін толькі абед у сталоўцы абыходзіцца ў 30 тысяч рублёў. Даводзіцца, паводле яго, браць яшчэ харчы з хаты.

Спадар: «Таму і прарабы, і майстры маладыя ня хочуць затрымлівацца, звальняюцца. Бяруць шмат украінцаў, тыя самі распавядаюць, што зарабляюць болей, чым ва Ўкраіне. У іх вахта недзе па 23 дні, то яны па мільёнаў 6 зарабляюць».

Вось такі атрымаўся рэпартаж — без афіцыйных камэнтароў...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG