Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнены прафсаюзны актывіст судзіцца з «Шкловалакном»


Віктар Стукаў
Віктар Стукаў
У Полацкім райсудзе распачаўся працэс паводле заявы звольненага кіраўніка суполкі СПБ Віктара Стукава. Ён судзіцца з прадпрыемствам «Полацак-Шкловалакно», дзе да 11 сакавіка працаваў апэратарам у цэху № 7. Спадар Стукаў быў звольнены з ініцыятывы адміністрацыі і лічыць гэта праявай імкненьня разбурыць прафсаюзную суполку на прадпрыемстве.

Патрабаваньні, высунутыя Віктарам Стукавым, — гэта аднаўленьне на працы, а таксама кампэнсацыя прэміяльных выплат, якіх ён быў пазбаўлены, заробку, страчанага за час вымушанага беспрацоўя, і маральнай шкоды, ацэненай актывістам у 1 мільён рублёў.

Спадар Стукаў — кіраўнік «пярвічкі» Свабоднага прафсаюзу Беларускага на «Полацак-Шкловалакне». Ён лічыць, што прадпрыемства парушыла Міжнародную канвэнцыю № 87 Міжнароднай арганізацыі працы, паводле якой нельга звальняць прафсаюзнага лідэра:

«Што тычыцца нашага заканадаўства, то яно ня дзейнічае. Ну, але многа „ляпаў“ у адносінах да мяне дапусьцілі — тыя прэтэнзіі, якія ёсьць да мяне, можна прад’явіць любому апэратару… Але ж пры любым выраку я ведаю, чым буду займацца далей. У мінулым годзе дзейнасьць нашага прафсаюзу актывізавалася, і пакуль я старшыня суполкі, я буду працаваць на прафсаюз! Гэта ж не прафсаюз мяне звальняе, а адміністрацыя робіць усё, каб перашкодзіць нашай прафсаюзнай дзейнасьці!»

Працэс у Полацкім гарсудзе вядзе судзьдзя Ірына Дародка. Яне не дапусьціла да ўдзелу ў пасяджэньні юрыстку Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алену Яськову, якая зьбіралася быць грамадзкім прадстаўніком Віктара Стукава. Апанэнтам актывіста ў судзе быў Васіль Зацірахін — начальнік юрыдычнага аддзелу «Полацак-Шкловалакна».

Сьведкамі з боку Віктара Стукава гатовыя выступіць работнікі прадпрыемства, у тым ліку Мікола Шарах, намесьнік старшыні рэспубліканскай арганізацыі СПБ.

Ён лічыць, што звальненьне Стукава за дысцыплінарныя парушэньні — гэта дыскрымінацыя «паводле прафсаюзнай прыкметы»:
Такія нормы закладаюцца, каб можна было пакараць работніка, калі гэта спатрэбіцца

«Тыя парушэньні, якія зафіксаваныя за Стукавым, — агульныя для ўсіх работнікаў! Вось нас са Стукавым пакаралі за датэрміновы сыход з працы. Наша прадпрыемства за горадам, і калі сыходзіць своечасова, то давядзецца 4 кілямэтры ісьці пехам. Бо аўтобус ходзіць па ўласным раскладзе. Безвыходная сытуацыя, і наймальнік на такія парушэньні заплюшчвае вочы. Вось сышлі ўсе, а пакаралі за гэта толькі нас са Стукавым, больш нікога. Вось такія нормы закладаюцца, каб можна было пакараць работніка, калі гэта спатрэбіцца».

Кіраўніка суполкі СПБ Віктара Стукава і яго калегу Мікалая Шараха спрабавалі звольніць з «Полацак-Шкловалакна» яшчэ ў мінулым сьнежні. Але не атрымалася, бо паводле тагачаснай калектыўнай дамовы адміністрацыя мусіла ўзгадняць звальненьне з абодвума прафсаюзамі — і з галіновым, і з СПБ. Сябры Свабоднага прафсаюзу выказаліся супраць звальненьня. Аднак пасьля таго адміністрацыя прадпрыемства ініцыявала зьмены ў калектыўнай дамове. Іх зацьвердзілі, і цяпер згоды на звальненьне пытаюцца толькі ў прафсаюзу прадзяржаўнага, а ў СПБ толькі паведамляюць пра прынятае рашэньне.

Падчас судовага пасяджэньня пазыцыя прадпрыемства была пацьверджана: пагадненьне паміж бакамі дасягнута не было. Таму суд будзе працягвацца: наступнае пасяджэньне заплянавана на 14 гадзін 20 сакавіка.

Мікола Шарах
Мікола Шарах
Мікола Шарах, намесьнік старшыні рэспубліканскай арганізацыі СПБ па Віцебскай вобласьці, лічыць, што звальненьне прафсаюзнага актывіста і далейшы судовы разбор ня пойдуць на карысьць іміджу «Полацак-Шкловалакна»:

«Тут відавочныя намаганьні наймальніка, каб пазбавіцца ад свабоднага прафсаюзу на прадпрыемстве. З пазыцыі наймальніка гэта нелягічны крок, шкодны для бізнэсу. Бо гэта ня ёсьць справа бізнэсу — лезьці ў справы прафсаюзу. Гэта адназначна разбурэньне бізнэсу: навошта псаваць імідж прадпрыемства? Падрыў іміджу тут адназначны, таму відавочна, што тут ня толькі інтарэсы наймальніка!»

Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў (ITUC International Trade Union Confederation) выступіла з заявай супраць звальненьня Віктара Стукава. У ёй выказваецца пратэст супраць дыскрымінацыі рабочых паводле прафсаюзнай прыналежнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG