Эксгумацыя Ясіра Арафата

Ясір Арафат

Улады Палестынскай аўтаноміі заявілі аб тым, што ў аўторак правядуць эксгумацыю парэштак Ясіра Арафата.
Экспэрты возьмуць узоры ў рамках расьсьледаваньня прычын сьмерці палестынскага лідэра.

Сёлета француская пракуратура пачала расьсьледаваньне абставінаў сьмерці Арафата пасьля таго, як у швэйцарскай лябараторыі, дасьледаваўшы асабістыя рэчы Арафата, выявілі на іх сьляды палёнія.

У той жа час, у лябараторыі палічылі, што клінічная карціна ў момант сьмерці Ясіра Арафата не адпавядала той, што бывае пры атручваньні палёніем.

Арафат памёр ва ўзросьце 75 гадоў у вайсковым шпіталі пад Парыжам у 2004 годзе. Яго даставілі туды з Рамалы пасьля таго, як Арафату стала дрэнна.

Да гэтага ізраільская армія больш за два гады блякавала яго ў Рамале. Лекары не змаглі ўсталяваць прычыну сьмерці Арафата.

Удава Арафата Суха дала дазвол на эксгумацыю цела мужа.