Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск выказвае спачуваньне палестынскаму народу


Валер Каліноўскі, Менск Рыхтуецца афіцыйная дэлегацыя Беларусі для паездкі ў Каір на цырымонію пахаваньня лідэра Палестынскай аўтаноміі Ясіра Арафата. У будынку нядаўна адкрытай амбасады Палетыстыны ў Менску адкрытая кніга спачуваньняў. Людзі прыходзяць у амбасаду, каб пакінуць запіс у жалобнай кнізе.

МЗС Беларусі першае з афіцыйных установаў выказаў спачуваньне палестынскаму народу ў сувязі са сьмерцю Ясіра Арафата. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “У Рэспубліцы Беларусь з глыбокім смуткам успрынятая вестка пра сьмерць палітычнага лідэра, які мае высокі аўтарытэт у арабскім сьвеце. Пайшоў з жыцьця выбітны і мудры кіраўнік палестынскага народу, які прысьвяціў усё сваё жыцьцё барацьбе за незалежнасьць Палестыны”.

Спадар Савіных паведаміў, што цяпер у стадыі вырашэньня пытаньне, хто ўзначаліць беларускую дэлегацыю на пахавальнай цырымоніі ў Каіры. Ужо цяпер вядома, што Аляксандар Лукашэнка на пахаваньне не паляціць. Акрамя таго, прадстаўнік МЗС Беларусі наведаў амбасаду Палестыны ў Менску.

У будынак гэтай амбасады, адкрытай месяц таму, цяпер прыходзяць выказаць спачуваньне прадстаўнікі арабскай дыяспары і беларускія мусульмане. Беларускі муфтый Ісмаіл Александровіч пакінуў свой запіс у жалобнай кнізе амбасады:

(Александровіч: ) “І мы выказалі надзею, што ўрэшце палестынскі народ з новым кіраўніцтвам палестынскай дзяржавы ўсё-такі даб’ецца і свабоды, і незалежнасьці”.

Адзін зь лідэраў татарскай дыяспары ў Беларусі Ібрагім Канапацкі разам з прадстаўнікамі габрэйскай меншасьці нядаўна наведваў Ізраіль і Палестыну зь міратворчай акцыяй, арганізаванай міжрэлігійнай фэдэрацыяй.

(Канапацкі: ) “Я бачыў складанасьць гэтай сытуацыі, яе тупіковасьць і думаю, што агульнымі намаганьнямі ўсясьветнай супольнасьці можна вырашыць гэтую праблему. Але пакуль што мы ня бачым гэткага жаданьня. Краіны-апекуны, якія стваралі гэтую дзяржаву, яшчэ не зразумелі да канца ўсёй гэтай складанасьці. Там вельмі кепска”.

Ібрагім Канапацкі мяркуе, што сьмерць Арафата паўплывае на сытуацыю на Блізкім Усходзе, аднак ён перакананы, што сілавога вырашэньня гэтай праблемы няма, бо сіла нараджае нянавісьць, тэрор выклікае тэрор.

Фотаздымак: Палестынская амбасада ў Менску. Фатаграфіі Арафата і Лукашэнкі на сьцяне гасьцявога пакоя.

Гл. таксама • Памёр Ясір Арафат
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG