Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыроўкі» за студзень вырастуць амаль удвая


Рэформы ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы Беларусі зводзяцца да росту тарыфаў. У лютым беларусы на сваіх кашальках адчуюць фінансавыя наступствы ўказу Лукашэнкі нумар 535.

Указ Аляксандра Лукашэнкі № 535 «Аб прадстаўленьні жыльлёва-камунальных паслуг» уступіў у сілу з 1 студзеня. Ён прадугледжвае рост тарыфаў на ваду, каналізацыю, іншыя паслугі. Вада падаражэе ажно ў 3,5 раза.

Ужо ў лютым у жыроўках зьявяцца новыя радкі — за ліфты, асьвятленьне і прыбіраньне пад’ездаў.

Прычым за тэхабслугоўваньне ліфта будуць плаціць і жыхары першага паверху, а тарыф за аплату ліфта будзе вылічвацца па квадратных мэтрах.

За прыбіраньне і асьвятленьне пад’езду плаціць прыйдзецца таксама ў залежнасьці ад квадратных мэтраў.

Раней за ліфт плацілі ў залежнасьці ад колькасьці людзей, зарэгістраваных у кватэры. Цяпер жа ў жыроўцы зьявіцца асобны радок за тэхабслугоўваньне ліфта: тарыф — 617 рублёў за квадратны мэтар. І асобны радок — выдаткі на электрычнасьць для ліфта, у сярэднім 6,8 тысячы на чалавека. Прычым заплацяць усе, уключна з жыхарамі першых паверхаў.

Прыбіраньне ў пад’езьдзе таксама залежыць ад квадратных мэтраў — да 700 рублёў за квадрат. Чысьціня і парадак у пад’езьдзе сярэднестатыстычнай сям’і абыдзецца ад 15 да 35 тысяч рублёў у месяц.

Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі тлумачыць навацыі патрэбай удасканаліць сыстэму аплаты. У прыватнасьці, чыноўнікі кажуць, што «ліфт — гэта сумесная маёмасьць, тэхабслугоўваньне павінна аплачвацца ўсімі ўласьнікамі сувымерна з плошчай жытла».

Экспэрт у пытаньнях ЖКГ, які некалі кіраваў менскай жыльлёва-камунальнай гаспадаркай, Іван Анташкевіч лічыць гэтыя тлумачэньні не заўсёды зразумелымі і лягічнымі:

«Можна патлумачыць рост на невялікія працэнты, але тое павышэньне тарыфаў, якое робіцца зараз, чалавек ня можа супаставіць са сваімі даходамі. Нельга патлумачыць чалавеку павышэньне тарыфаў на ваду ў 3,5 раза. Хоць з пункту гледжаньня інжынэра-будаўніка альбо інжынэра-эксплюатацыйніка патлумачыць і абгрунтаваць можна ўсё».

Іван Анташкевіч перакананы, што гэта далёка не апошняе падаражэньне паслугаў ЖКГ, але ніколі не было такіх рэзкіх крокаў, як зараз з вадой:

«Што такое ў 3,5 раза павялічыць тарыфы за ваду — для кагосьці гэта будзе ледзьве не катастрофай (я маю на ўвазе пэнсіянэраў і шматдзетныя сем’і) — ніколі так не было.

Я думаю, што гэта сьведчаньне таго, што сапраўды грошай у дзяржавы няма, мы ведаем, якія сумныя вынікі году. І ня менш сумныя пэрспэктывы, няма выйсьця, быццам бы ў тупіку знаходзімся.

Зь іншага боку, магчыма, гэта прыкмета таго, што робіцца выгляд нейкіх рэформаў у спадзяваньні атрымаць чарговы транш ад Міжнароднага валютнага фонду. У любым выпадку, мы бачым, што гэта фундамэнтальныя сыгналы пра тое, што сыстэма ўжо не ўпраўляецца з сацыяльнай нагрузкай, вынікі жалю вартыя, і нешта штосьці рабіць».

Паводле самых сьціплых падлікаў, сям’я з трох чалавек, якая жыве ў звычайнай двухпакаёўцы плошчай 48 мэтраў і «ўпісваецца» ў нарматывы па спажываньні вады (140 літраў на чалавека ў месяц) і электрычнасьці (150 кіляват-гадзін у месяц), зь лютага будзе плаціць каля 500 тысяч рублёў, за трохпакаёўку плошчай 65 мэтраў давядзецца плаціць каля 650 тысяч рублёў. Рост — амаль у два разы.

Пры гэтым дагэтуль дзейнічае ўказ прэзыдэнта № 550 пра тое, што камуналка ня можа даражэць больш чым на 5 даляраў у год. А тут за месяц — больш чым на 10 даляраў.

Асобнай пастановай Савету міністраў адмененыя ПДВ на газ і электраэнэргію, і са студзеня сьвятло і газ для народу даражэюць на 20% (у 2015 годзе тарыфы на электрычнасьць уздымаліся 4 разы). Асабліва з падаражэньнем вады ў 3,5 раза ўжо відавочна, што ліміт падаражэньня камуналкі на 5 даляраў у год не выконваецца, лічыць Іван Анташкевіч:

«Камунальнікі запэўніваюць, што росту больш як на 5 даляраў у год ня будзе, але, маўляў мы прыводзім нормы да ладу, так, як павінна быць: трэба падзяліць тарыфы на ліфт, на прыбіраньне, на асьвятленьне. Старыя радкі, кшталту платы за тэхабслугоўваньне, застаюцца, але зьяўляюцца новыя (а за карыстаньне ліфтам ажно два радкі), зараз вось зьнялі ПДВ... Патлумачыць можна ўсё, але ўжо за студзень рост будзе больш як на 5 даляраў. А яшчэ ўвесь год наперадзе».

Міжнародны валютны фонд, іншыя міжнародныя структуры настойваюць на тым, што камунальныя тарыфы трэба прыводзіць да сабекошту, да самаакупнасьці. І гэта цалкам нармальныя парады, кажа экспэрт, але трэба, каб і заробкі людзей расьлі і былі сувымерныя з тарыфамі:

«Безумоўна, рэформы неабходныя, таму што ўласнасьць стала прыватнай, а кіраваньне фінансамі застаецца манаполіяй дзяржавы. Гэтая сыстэма павінна мяняцца паступова, цягам 10–20 гадоў, павольна. Трэба, каб мяняліся звычкі і сьвядомасьць насельніцтва, каб рос дабрабыт. І каб рэформы ЖКГ былі ўбудаваныя ў агульныя комплексныя рэформы. Нельга, каб камунальнікі беглі паперадзе паравоза. Грошай няма, зразумела, дык вырашылі ў людзей забраць. А ў каго ж яшчэ?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG