Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар «Звязды» адмовіўся друкаваць артыкул дэпутаткі Анісім: «На справаздачы дэпутатаў ня хопіць газэтнай плошчы»


Алена Анісім
Алена Анісім

Газэта «Звязда», заснавальнікі якой — Савет міністраў і Нацыянальны Сход, адмовілася публікаваць артыкул дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім. Галоўны рэдактар газэты Павал Сухарукаў, прызначаны на пасаду месяц таму, патлумачыў прычыну адмовы так: «Калі друкаваць справаздачы дэпутатаў, на іх проста ня хопіць газэтнай плошчы».

Алена Анісім 26 сьнежня даслала на электронную пошту «Звязды» свой артыкул «70 дзён рэальнага дэпутацтва». Яна кіравалася тым, што многія грамадзяне выказваюць незадаволенасьць працай дэпутатаў, кажуць, што тыя нічога ня робяць, не даюць справаздач:

«Мне хацелася праверыць, ці спрацуе мая справаздача, у якой была і статыстыка, і вострыя пытаньні, і маё бачаньне агульнадзяржаўных праблем.

Празь некалькі дзён я патэлефанавала ў аддзел пісем і пацікавілася лёсам свайго артыкула. Мне далі тэлефон чалавека, адказнага за публікацыю, тэлефон некалькі дзён маўчаў. А літаральна два дні таму мне прыйшоў адказ за подпісам дырэктара — галоўнага рэдактара выдавецкага дома „Звязда“ Паўла Сухарукава.

Я зрабіла крок, атрымала адказ — адмову.

Карэспандэнтка Свабоды цягам дня спрабавала атрымаць тлумачэньні галоўнага рэдактара «Звязды» Паўла Сухарукава. А палове на сёмую вечара патэлефанавала сакратарка і паведаміла, што спадар Сухарукаў не дазваляе цытаваць ягоны адказ дэпутатцы Анісім.

Паколькі і дэпутатка Алена Анісім, і галоўны рэдактар «Звязды» Павал Сухарукаў — публічныя асобы, іх перапіска адносна артыкула «70 дзён рэальнага дэпутацтва» ня мае прыватнага характару. З дазволу дэпутаткі Анісім друкуем вытрымкі з адказу Сухарукава:

«Як правіла, дэпутаты свае справаздачы публікуюць у выданьнях сваіх акругаў, раённых ці гарадзкіх газэтах. „Звязда“ зьяўляецца рэспубліканскім грамадзка-палітычным выданьнем. Нашымі заснавальнікамі зьяўляюцца абедзьве палаты. На жаль, мы ня можам друкаваць справаздачы, на іх проста ня хопіць газэтнай плошчы...

У „Звяздзе“ выходзіць спэцыяльны дадатак „Мясцовае самакіраваньне“, прысьвечаны рабоце дэпутатаў розных узроўняў. Мы абавязкова скарыстаем інфармацыю з вашай справаздачы пры падрыхтоўцы матэрыялу, прысьвечанага першым месяцам дзейнасьці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Жадаем посьпехаў у дэпутацкай працы. Спадзяемся на далейшае плённае супрацоўніцтва».

Дарэчы, 18 студзеня, выданьне надрукавала інтэрвію старшыні Нацыянальнага сходу Міхаіла Мясьніковіча, на якое газэтная плошча знайшлася.

На думку дэпутаткі Алены Анісім, уся бяда ў тым, што беларусы перасталі сябе ўспрымаць як грамадзяне адной краіны:

«Мы ўвесь час дзелімся, як у тым фільме „Вясельле ў Малінаўцы“: „Ты за белых альбо за чырвоных?“ І гэта вельмі нядобра. Мы ўсе грамадзяне Беларусі і ўсе зацікаўленыя, каб краіна разьвівалася, жыла добра, каб правы грамадзян паважаліся. Але ўлада паводзіць сябе так, што „толькі мы маем права гаварыць, а вы тут ніхто і нішто“. Гэта няправільна, ад гэтага ідуць усе беды».

Фармальна заснавальнікамі «Звязды» лічацца абедзьве палаты Нацыянальнага Сходу. Але, як сьведчыць выпадак з артыкулам Алены Анісім, ня кожнаму дэпутату выданьне дае магчымасьць выказацца.

У Беларусі няма адмысловага парлямэнцкага выданьня. У 1990 годзе была заснавана «Народная газета» як орган беларускага парлямэнту. Яе галоўным рэдактарам стаў дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня Ёсіф Сярэдзіч. Рэдакцыя месьцілася ў Доме ўраду, дзе засядаў Вярхоўны Савет. У 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка сваім указам зьмяніў кіраўніцтва рэдакцыі, а ў 1996 годзе Канстытуцыйны суд прыняў рашэньне аб рэарганізацыі выданьня.

Цяпер «Народная газета» ўваходзіць у склад дзяржаўнага холдынгу «СБ — Беларусь сегодня» як «ілюстраваны штотыднёвік аб сучасным жыцьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG