Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Алена Анісім прапануе рыхтаваць законапраекты на дзьвюх мовах — беларускай і расейскай


Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім

Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі (НЦПІ), які адказвае за афіцыйную публікацыю нарматыўна-прававых актаў, гатовы публікаваць дакумэнты адначасова на дзьвюх дзяржаўных мовах, калі яны адразу будуць прымацца парлямэнтам у двух варыянтах — на беларускай і расейскай.

Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на дырэктара НЦПІ Яўгена Каваленку, які 18 студзеня выступіў на сэмінары ў Палаце прадстаўнікоў і адказаў на пытаньне дэпутаткі Алены Анісім пра магчымасьць адначасовага апублікаваньня тэкстаў дакумэнтаў акрамя і на беларускай мове.

Каваленка растлумачыў, што, у адпаведнасьці з дзейным законам «Аб нарматыўна-прававых актах», апублікаваньне ажыцьцяўляецца на той мове, на якой нарматыўны акт прыняты.

«Трэба разумець, што сам па сабе нарматыўна-прававы акт не ўзьнікае ў нейкі момант, гэта не чараўніцтва, а працяглы працэс падрыхтоўкі, выпрацоўкі канчатковай рэдакцыі, узгадненьня з зацікаўленымі. Таму ўключэньне двухмоўя ў нарматворчы працэс — гэта комплексная і вельмі працяглая працэдура. Казаць пра тое, што ў пэўны момант зьявіцца рэдакцыя на іншай мове, праблематычна. Калі весьці гаворку пра тое, што дакумэнт будзе рыхтавацца на нейкай канкрэтнай мове, то трэба ставіць гэтае пытаньне з моманту пачатку яго падрыхтоўкі», — растлумачыў дырэктар цэнтру.

Алена Анісім сказала, што лічыць неабходным распрацаваць такі мэханізм прыняцьця закону Нацыянальным сходам, які гарантаваў бы зьяўленьне беларускамоўнай вэрсіі кожнага законапраекту да моманту разгляду яго ў другім чытаньні ў Палаце прадстаўнікоў.

«У сьвеце існуе шмат краін, у якіх некалькі дзяржаўных моў, і пытаньняў апублікаваньня законаў на ўсіх мовах не існуе», — адзначыла яна.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка паведаміў, што ён разгледзеў атрыманы раней ад Анісім зварот з гэтай нагоды і даручыў кіраўнікам парлямэнцкіх камісіяў прапрацаваць пытаньне падрыхтоўкі законапраектаў адразу на дзьвюх мовах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG