Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ідэі, якія сфармуляваў Пазьняк, сёньня агучвае Лукашэнка» — дэпутат ВС 12 скліканьня Шут


27 ліпеня 1990 году беларускі парлямэнт прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. За дакумэнт прагаласавалі 229 дэпутатаў пры ніводным «супраць» або «ўстрымаўся».

Беларусь аўтаматычна ня стала незалежнай: дэклярацыі ня быў нададзены статус канстытуцыйнага закону, і яна фактычна мела рэкамэндацыйны характар. Але менавіта яе прыняцьце стала першым сур’ёзным юрыдычным крокам у напрамку сувэрэннай краіны.

Толькі крыху больш чым праз год, 25 жніўня 1991-га, неўзабаве пасьля правалу путчу ў Маскве, Вярхоўны Савет 12-га скліканьня надаў дакумэнту статус канстытуцыйнага закону.

У верасьні таго ж году ў сувязі зь перайменаваньнем БССР у Рэспубліку Беларусь адпаведныя зьмены былі ўнесеныя ў назву і тэкст дэклярацыі. 15 сакавіка 1994-га ў разьвіцьцё палажэньняў дэклярацыі прынялі новую Канстытуцыю.

Цягам 1991-1996 гадоў 27 ліпеня адзначалася як галоўнае дзяржаўнае сьвята — Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году дату перагледзелі на карысьць 3 ліпеня — дня вызваленьня Менску ад гітлераўцаў.

Аляксандар Шут, архіўнае фота
Аляксандар Шут, архіўнае фота

Пра тагачасныя падзеі згадвае дэпутат ад Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня Аляксандар Шут. Браў актыўны ўдзел у распрацоўваньні і прасоўваньні палажэньняў тэксту дэклярацыі, а ў красавіку 1995-га быў у ліку дэпутатаў, якія на знак пратэсту супраць травеньскага рэфэрэндуму абвясьцілі бестэрміновую галадоўку ў Авальнай залі і былі жорстка зьбітыя байцамі спэцназу.

Пасьля завяршэньня дэпутацкай кадэнцыі вярнуўся да «мірнага жыцьця» — працуе хірургам у Лагойскім раённым шпіталі.

— Спадар Аляксандар, наколькі ў той сытуацыі -- па вялікім рахунку, «падвешанай», калі яшчэ не было пэўнасьці, што Беларусь стане на сувэрэнныя рэйкі, -- прыняцьцё Дэклярацыі аб сувэрэнітэце можна было назваць рэальным крокам дзеля адмовы ад савецкага ярма?

— У прынцыпе, падзея была чаканая. Распад Савецкага Саюзу набліжаўся, быў аб’ектыўнай непазьбежнасьцю — раней ці пазьней гэта павінна было здарыцца. Дэклярацыі, якія да гэтага абвясьцілі краіны Балтыі, падштурхнулі да дзеяньняў і тагачасную савецкую намэнклятуру — можаце абвясьціць пра сувэрэнітэт, але з умовай, што гэта простая фармальнасьць.

Зразумела, што на самой справе задача была іншая — з дапамогай камуністычнай прапаганды разьбіць і дыскрэдытаваць распачаты «парад сувэрэнітэтаў», паказаць, што без Масквы рэспублікам ня выжыць. Тыя захады ўрэшце прывялі да адваротнага эфэкту: ідэі незалежнасьці, насуперак чаканьням Крамля, умацаваліся ў галовах людзей, і абвешчаная 27 ліпеня Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР стала дакумэнтам, які трэба было выконваць.

Аляксандар Шут выступае ў Вярхоўным Савеце, 1991 год
Аляксандар Шут выступае ў Вярхоўным Савеце, 1991 год

— Але ж гэта не азначала, што Беларусь аўтаматычна пераходзіць на жыцьцё паводле ўласных правілаў, адмаўляючыся ад саюзных законаў?

— У той час яшчэ не. Даводзілася карыстацца законамі саюзнымі, бо дэклярацыя — гэта і ёсьць дэклярацыя, фактычна -- агучваньне намераў. Іншымі словамі, абвясьцілі пра тое, што Беларусь хоча стаць і ў пэрспэктыве будзе незалежнай краінай. Заканадаўчай базы пад гэтым не было. Мала таго, меркаваньні наконт дзяржаўнага ўладкаваньня былі самыя розныя, уключна з тым, каб застацца ў складзе СССР на асаблівых правах ці атрымаць пэўны статус у «канфэдэрацыі рэспублік».

І нават пры розных пазыцыях гэта быў першы крок да незалежнасьці, якую, уласна кажучы, у жніўні 1991-га дэпутаты і ўзаконілі. А годам раней была прынятая Дэклярацыя аб сувэрэнітэце, якая насіла збольшага рэкамэндацыйны характар.

— Але ў любым разе акрэсьлівалася лінія паводзінаў на пэрспэктыву — немагчымасьць вяртаньня ў савецкае мінулае найперш з маральных пазыцыяў…

— Я не магу адказваць за маральнасьць поглядаў усяго тагачаснага Вярхоўнага Савету, але прынамсі той дакумэнт, які быў прыняты, пакідаў надзею: Беларусь будзе працаваць у акрэсьленым вэктары, дамагацца дзяржаўнай незалежнасьці. Перадусім, нашмат выразьней ставіцца да сваёй нацыянальнай культуры, гісторыі, традыцыяў.

Акрамя таго, мелася на ўвазе, што ў большай ступені будуць выконвацца мясцовыя законы, накіраваныя на падтрымку тутэйшых людзей, жыхароў лякальных тэрыторыяў. Такая надзея была небеспадстаўная, бо, яшчэ раз паўтару, Савецкі Саюз ужо зусім слаба трымаўся.

— Ці можна казаць, што, нягледзячы на аднадушнасьць вынікаў галасаваньня па дэклярацыі, рэальныя настроі ў тагачасным парлямэнце былі прыблізна такія самыя, як і ў грамадзтве? Нейкая частка — за незалежнасьць, іншая — катэгарычна супраць…

— Крыху ня так, мне здаецца. Усё ж было адчуваньне, што ў грамадзтве ідэя незалежнасьці была нашмат мацнейшая, бо тупіковасьць сытуацыі людзі адчувалі на сабе — ні прадуктаў, ні тавараў першай неабходнасьці. Бракавала проста ўсяго. Таму неабходнасьць незалежных паводзінаў ад Масквы агучвалася рашуча і моцна. Што тычыцца Вярхоўнага Савету, то, па вялікім рахунку, дэклярацыя была прынятая як пад уплывам вуліцы, так і па рэкамэндацыі тагачаснага кіраўніцтва СССР.

Ну і, само сабой, пад ціскам парлямэнцкай апазыцыі БНФ, якая выступіла калі не з дэмаршам, то з настойлівай прапановай дэпутатам добра падумаць і ўзяць на сябе адказнасьць за будучыню Беларусі. Таму прагаласавалі якраз з пазыцыі незалежнай краіны. Прынамсі ў той момант вялікіх пярэчаньняў не было, чаго ня скажаш пра падрыхтоўчы пэрыяд — там спрэчак хапала.

— Іншымі словамі, удалося нэўтралізаваць нават партыйную намэнклятуру, якая наўрад ці гарэла жаданьнем быць заадно з «бээнэфаўцамі»?

— Ну, а як яна магла быць супраць? Ім загадалі, што трэба нешта прымаць, яны і ўзялі пад казырок. Адзінае, адразу ж пачалі выхалошчваць сутнасьць. Вось тады апазыцыя і заявіла, што прымаць выхалашчаную дэклярацыю мы не зьбіраемся. І на знак пратэсту пакінула залю. Яны, ня маючы з кім змагацца, урэшце прынялі дэклярацыю — хоць і ня ў поўным аб’ёме, як прапаноўвалася першапачаткова. А яна, у сваю чаргу, потым дала магчымасьць прыняць ухваленыя палажэньні як канстытуцыйны закон.

27 ліпеня 1992 г.
27 ліпеня 1992 г.

— Некалькі гадоў 27 ліпеня адзначалася як галоўнае дзяржаўнае сьвята — Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Асабіста вам было крыўдна, што пад прыкрыцьцём рэфэрэндуму гэтую дату сумясьцілі з ваеннай падзеяй — вызваленьнем Менску?

— 3 ліпеня — дата, якая ніякім чынам ня кажа пра незалежнасьць. Хтосьці некага вызваліў — гэта яшчэ не незалежнасьць, гэта не ідэя, якая паўстала ў галовах нашых людзей і стала плёнам калектыўных намаганьняў.

27 ліпеня — цалкам адпаведная гэтаму выпадку дата. У гэты дзень была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце, якая вызначае, што краіна будзе рупіцца пра сваю ідэнтычнасьць. Але на гэтай хвалі шмат што «замазана», дэвальвавана.

Згадайце хоць бы Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка, які трэба адзначаць як знакавы. Насамрэч па тэлебачаньні двума радкамі нешта скажуць, ды ўсё. Тая ж каталіцкая Радаўніца, Задушны дзень, Каляды — таксама адмененыя як сьвяты. Нягледзячы на гэта, людзі ўсё роўна ведаюць, што было і што варта адзначаць, гэта ж ня выкрасьліш з чалавечай памяці.

— Рэфэрэндумы спачатку 1995-га, а потым 1996 году дасягнулі сваёй мэты? Ці ўдалося зьмяніць сьвядомасьць беларусаў? Маладое пакаленьне пра 27 ліпеня 1990-га, відаць, мала што і ведае…

— Мне здаецца, што і старэйшае пакаленьне ўжо ня вельмі добра памятае гэтую дату, таму што яна збольшага прайшла празь людзей, якія непасрэдна займаліся палітыкай ці выяўлялі грамадзянскую актыўнасьць. А запытайце ў выпадковых людзей, у які час працаваў Вярхоўны Савет 12 скліканьня, калі была абвешчаная дэклярацыя, калі прынялі Канстытуцыю — наўрад ці хто з ходу адкажа.

Па сутнасьці, рэфэрэндумы 1995 і 1996 гадоў — гэта ўжо далёкая гісторыя, маладыя наўрад ці што скажуць, бо папросту не цікавяцца. На жаль, вядома. Яны разумеюць, што жывуць у незалежнай краіне Беларусь, маюць спадзяваньне, што ня пойдуць служыць у войска іншай краіны. Гэта пасяляе пэўныя надзеі. Але на тыя гістарычныя этапы, важныя для разуменьня сёньняшняй сытуацыі, большасьць не зьвяртае ніякай увагі.

— Наогул парадаксальная сытуацыя: у сярэдзіне 1990-х новыя ўлады адмовілі гэтай даце (27 ліпеня 1991 году) у праве на існаваньне. Тым ня меней -- карыстаюцца плёнам у тым ліку і вашых высілкаў. Бо каб не было Дэклярацыі, не паўстала б незалежная Беларусь. І як лягічны працяг — інстытут прэзыдэнцтва.

— Насамрэч ідэі, якія выказваў Беларускі Народны Фронт і яго старшыня Зянон Пазьняк, ідэі, якія панавалі ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня і агучваліся апазыцыяй, працуюць і цяпер. Колішняя рыторыка сувэрэнітэту, незалежнасьці досыць актыўна гучыць з вуснаў нашага вышэйшага кіраўніцтва. Мы можам сумнявацца, на чыю карысьць яна працуе, але гэта факт. Думкі падсьвядома закладаюцца ідэнтычныя, бо на што яшчэ абапірацца ў Беларусі, як не на незалежнасьць, на мову, на людзей, якія тут жывуць і разумеюць, што яны беларусы? На чым грунтавацца і яднацца, як не на гэтым? Тыя ідэі выпеставаныя Беларускім народным фронтам, уведзеныя ў грамадзтва, і цяперашняе кіраўніцтва вымушанае іх улічваць. Яны проста нікуды не падзенуцца, іншых ідэй для гэтай зямлі няма.

3 ліпеня 2016 г.
3 ліпеня 2016 г.

— Вы былі непасрэдным удзельнікам лёсавызначальнай падзеі 27 ліпеня 1990 году. Як паводзіў сябе Аляксандар Лукашэнка — ухваляў, вагаўся, да якога боку схіляўся ў асабістым выбары?

— Дакладна нават ня ведаю, як ён галасаваў — не глядзеў пратаколы, не было такой патрэбы. Але звычайна Лукашэнка выконваў тое, што прымала большасьць, тое, што, як кажуць, рэкамэндавала «партия и правительство». Таму думаю, што і тым разам ён прагаласаваў адпаведна — за Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь.

Храналёгія падрыхтоўкі і галасаваньня за Дэклярацыю аб сувэрэнітэце БССР

(з успамінаў дэпутата Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Сяргея Навумчыка)

30 траўня 1990 году Сойм БНФ з ініцыятывы старшыні партыі Зянона Пазьняка прыняў рашэньне: галоўная палітычная мэта — дамагацца поўнай незалежнасьці Беларусі. Рэалізаваць гэта даручалася, у першую чаргу, фронтаўскім дэпутатам у Вярхоўным Савеце. Пачалася распрацоўка тэксту дакумэнта.

У сярэдзіне чэрвеня 1990-га пра сувэрэнітэт заявіў Вярхоўны Савет РСФСР на чале з Барысам Ельцыным. Кіраўнік Савецкага Саюзу Міхаіл Гарбачоў, каб зьняць напружаньне, дазволіў старшыням парлямэнтаў іншых рэспублік прыняць аналягічныя дакумэнты — з умовай, што гэта будзе простая фармальнасьць.

Вярхоўны Савет БССР стварыў працоўную групу, старшыня якой Леанід Козік сам зьвярнуўся да Зянона Пазьняка, каб ягоная каманда падзялілася хоць якімі напрацоўкамі. Першапачатковы варыянт, падрыхтаваны камандай Пазьняка, быў нашмат большы і падрабязны, чым прыняты пазьней: камуністы, карыстаючыся большасьцю ў камісіі, пачалі выкідаць «лішняе».

Найбольшыя спрэчкі выклікалі дзьве пазыцыі. БНФ патрабаваў, каб дэклярацыя мела статус канстытуцыйнай сілы — палажэньне аб сувэрэнітэце вышэйшае за Канстытуцыю і законы СССР, якія дзейнічалі на тэрыторыі рэспублікі. Супраць стала намэнклятурная большасьць. Другі пункт — камуністы прапісалі ў дэклярацыі, што БССР падпісвае новую саюзную дамову, супраць чаго, у сваю чаргу, выступілі дэпутаты БНФ.

Пераканаць апанэнтаў не ўдалося. У перапынку паміж паседжаньнямі Зянон Пазьняк прапанаваў скарыстаць «псыхалягічны прыём», ведаючы, што часта камуністы галасавалі «за» толькі таму, што БНФ быў «супраць» (і наадварот). Пазьняк заявіў: паколькі фармулёўка пра канстытуцыйнасьць і непадпісаньне саюзнай дамовы не прымаецца, фронтаўцы пакідаюць Авальную залю і ў галасаваньні ўдзельнічаць ня будуць. Рызыкоўная тактыка спрацавала: за дэклярацыю прагаласавалі аднадушна нават у адсутнасьць яе распрацоўнікаў.

Пасьля гэтага дэпутаты БНФ вярнуліся ў залю, а Зянон Пазьняк зачытаў заяву пра палітычную сытуацыю, заадно абвясьціўшы, што фракцыя БНФ пераходзіць у апазыцыю. 27 ліпеня 1990 году, акрамя таго, стала днём утварэньня апазыцыі БНФ як парлямэнцкай структуры.

У наступным месяцы, 24 жніўня 1991 г. Пачатак Сэсіі Незалежнасьці. Гаворыць Зянон Пазьняк. Побач Валянцін Голубеў; са сьцягам Вольга Галубовіч
У наступным месяцы, 24 жніўня 1991 г. Пачатак Сэсіі Незалежнасьці. Гаворыць Зянон Пазьняк. Побач Валянцін Голубеў; са сьцягам Вольга Галубовіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG