Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жорсткасьць і катаваньні ў крымінальных разборках як прыкмета эканамічнага крызісу


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Былы супрацоўнік крымінальнага вышуку Мікалай Казлоў мяркуе, што эканамічны крызіс можа выклікаць у Беларусі паўтор жорсткасьці на ўзор «ліхіх 90-х». Прыклады ўжо ёсьць.

Два жыхары Касцюковічаў катавалі жанчыну распаленым прасам, у тым ліку прыпякалі ёй твар, каб павялічыць пакуты, а таксама зьбівалі яе рукамі і качалкай. Супроць затрыманых мужчын, якія раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці, у тым ліку за забойства, завялі крымінальную справу, паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі. Матывы меркаваных злачынцаў не паведамляюцца, але, паводле зьвестак сьледчых, здарэньне адбылося пасьля сумеснага расьпіцьця алькаголю.

Яшчэ тры даволі сьвежыя прыклады надзвычай жорсткай злачыннасьці з крымінальнай хронікі апошніх гадоў:

Справа Юліі Саламацінай. Цела зьнішчалі з дапамогай «балгаркі» і мясарубкі

У 2014 годзе ў Менску забілі жыхарку Смалявіцкага раёну 18-гадовую Юлію Саламаціну. Забойца дзяўчыны — Павал Цыняўскі, які пазнаёміўся зь ёй праз інтэрнэт, — быў асуджаны на 17 гадоў зьняволеньня. Разам зь ім за ўтойваньне злачынцы, прыпадаў і сродкаў зьдзяйсьненьня злачынства, сьлядоў злачынства, а таксама за зьнішчэньне дакумэнтаў была асуджаная на 2 гады зьняволеньня маці Цыняўскага Галіна, якая раней працавала кухаркаю ў дзіцячым садку.

На працэсе над сынам і маці Цыняўскімі сталі вядомыя жудасныя падрабязнасьці. Выявілася, што маці забойцы чынна памагала хаваць сьляды злачынства і зьнішчаць цела забітай Юліі Саламацінай. Сын баўгаркай расьпілаваў цела на кавалкі, а маці зварыла іх на пліце, прапусьціла празь мясарубку і зьліла ў каналізацыю. Рэшткі костак Цыняўскія разам спалілі і схавалі ў лесе.

Забойства лучніцы Ганны Сярдзечкінай. Кавалкі цела забойца разьвёз на таксоўцы

У тым жа 2014 годзе ў Менску забілі лучніцу Ганну Сярдзечкіну. Вядомая спартоўка і маладая маці зьнікла, яе абвясьцілі ў вышук. Неўзабаве пад падазрэньне ў забойстве падпаў яе былы муж, праграміст Канстанцін Казлоў. На судзе высьветлілася, што мужчына задушыў былую жонку на вачах супольнага малалетняга сына, а потым разьдзяліў цела забітай на кавалкі, якія схаваў у розных раёнах гораду. Забойцу асудзілі на 15 гадоў зьняволеньня.

Справа чэмпіёнкі Юліі Балыкінай. Забойца — былы сужыцель?

У канцы 2015 году Менск агаломшыла чарговае загадкавае зьнікненьне вядомай асобы — не вярнулася дамоў былая чэмпіёнка краіны па лёгкай атлетыцы Юлія Балыкіна. Сьледчы камітэт адразу заявіў пра падазрэньні ў забойстве, спаслаўшыся на сьляды ў кватэры і на аўтамабілі. Найгоршыя апасеньні пацьвердзіліся праз два тыдні пошукаў — цела Юліі Балыкінай, загорнутае ў поліэтылен, салдаты ўнутраных войскаў знайшлі ў лесе непадалёк ад гораду. У забойстве абвінавачваецца былы сужыцель чэмпіёнкі. Сьледзтва ў справе аб забойстве Юліі Балыкінай яшчэ не завершанае.

Жорсткасьць часта выклікаецца п’янствам, якое наўпрост зьвязанае з эканамічным здароўем краіны

Гэтак званая бытавая злачыннасьць у Беларусі і раней адзначалася немалой жорсткасьцю. І ўсё ж да катаваньняў застольныя канфлікты даходзілі рэдка. Прыпякаць гарачым прасам — гэта, бадай што, прыкмета «ліхіх 90-х», мяркуе незалежны экспэрт, былы супрацоўнік крымінальнага вышуку Мікалай Казлоў.

Ці варта чакаць вяртаньня тых праяваў жорсткасьці, якія былі ўласьцівыя для злачыннасьці канца мінулага стагодзьдзя? — запытаў карэспандэнт Свабоды ў падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы Мікалая Казлова.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

— Спачатку падкрэсьлю, што злачынства, пра якое паведаміў Сьледчы камітэт, адбылося падчас сумеснага расьпіцьця сьпіртных напояў. З гэтага пункту гледжаньня надзвычайным я б яго назваў з пэўнымі агаворкамі. Калі паглядзець статыстыку, дык у нас больш за 90% забойстваў адбываецца менавіта падчас ці пасьля распіцьця сьпіртных напояў, прычым вельмі часта забіваюць сваякі сваякоў. Муж жонку, жонка мужа, сын бацьку ці маці і гэтак далей.

Што да злачыннасьці канца 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя, дык тыя выпадкі больш былі зьвязаныя з эканамічным складнікам. Калі выкрадалі і вывозілі куды-небудзь пасьпяховых прадпрымальнікаў, спрабавалі забраць у іх грошы, прымушалі плаціць, дзеля гэтага катавалі, магло быць і вось як тут, з ужываньнем прыладаў кшталту гарачага праса.

Але зараз у Касьцюковічах, уласна кажучы, нічога і не патрабавалі. Два садысты напіліся і пачалі катаваць бездапаможную ахвяру. Разумею так, што яны ад гэтага атрымлівалі нейкае задавальненьне, ці гэта была нейкая помста, цяпер сьледзтва высьвятляе матыў. Але відавочная агульная база пад такія злачынствы — гэта п’янства. А вось яно ўжо наўпрост, як мне падаецца, зьвязанае з эканамічным здароўем краіны.

Псыхічнае здароўе грамадзянаў, выглядае, наўпрост зьвязанае з станам эканомікі. Калі ня бачаць сьвятла ў канцы тунэля, калі п’юць, забыўшыся пра абавязкі, калі ня трэба хадзіць на працу, бо яе няма, і людзям няма сэнсу весьці добры лад жыцьця. Лічу, тут узаемасувязь непасрэдная.

— Вы кажаце, што адносіны паміж людзьмі за апошнія два дзесяцігодзьдзі сталі больш жорсткія. А мяжа, паводле вашых назіраньняў, ужо дасягнута ці падзеньне нораваў працягнецца?

— Разумееце, эканамічны разлад у жыцьці краіны непазьбежна адаб’ецца і на адносінах паміж людзьмі. Зараз жа паўстане пытаньне пра розныя эканамічныя прэтэнзіі да грамадзянаў. Прыкладам, людзі, разьлічваючы на дзяржаву, бралі крэдыты ці пазычалі адзін у аднаго. А цяпер і тыя, і тыя апынуліся ў складаным становішчы.

Калі для часткі грамадзян нейкія ахоўныя функцыі дзяржавы не працуюць, дык гэта будзе пашырацца і дойдзе да ўсіх

Таму тое, што было ў 90-х гадах, часткова павінна паўтарыцца. Выбіваньне пазыкі, што было тады звычайнай справай, спроба менш пасьпяховага чалавека ўзяць ці забраць грошы ў больш пасьпяховага. Таму я перакананы, што часткова гэтыя 90-я гады да нас цяпер вернуцца. Гэта будзе адбывацца менавіта з-за эканамічнага складніка. Людзі ў адчаі будуць рабіць тое, чаго ў нармальнай сытуацыі ніколі б не зрабілі.

Гэта я не кажу пра крымінал, у якога, груба кажучы, прафэсія такая — рабаваць, а потым сядзець у турме. Кажу пра звычайных людзей, якія ўчыняюць злачынства з прычыны адчаю, немагчымасьці выбрацца зь фінансавай ямы, у якую ўжо шмат людзей трапіла ці на мяжы таго, каб трапіць.

Таму я чакаю павелічэньня колькасьці гвалтоўных злачынстваў у блізкай будучыні, гэта безумоўна.

— Мэтады працы праваахоўнікаў і спосабы, якімі яны змагаюцца са злачыннасьцю, таксама стануць больш жорсткімі? Чаго вы ад іх чакаеце?

— Цяжка адказаць, але мой уласны досьвед як заяўніка адносна злачынных дзеяньняў супроць мяне асабіста дае мне падставы для расчараваньня. Мне падалося, што прафэсіяналізму стала меней, але, спадзяюся, адмыслоўцы яшчэ засталіся.

Што да агульных нораваў у міліцыі, дык мушу казаць пра паказальныя прыклады, якія ўплываюць на норму. Вось зьбіцьцё ў судзе журналіста парталу Tut.by, ці гісторыя з тым, як міліцыянты абышліся са студэнтам Акадэміі музыкі. Выходзіць, што ёсьць пэўная катэгорыя людзей, якіх улада зусім не абараняе. Гэта людзі зь іншай думкай, настроеныя ў нечым апазыцыйна. Паводле маіх назіраньняў, іхнія грамадзянскія правы абсалютна не абароненыя.

Больш за тое, гэтых людзей можна, прыкладам, зьбіць ды яшчэ іх зрабіць у нечым вінаватымі, як журналіста Паўла Дабравольскага. Што мы бачым: зьбілі чалавека ў судзе, ён зьвярнуўся са скаргай, зьняў сьляды зьбіцьця, а яму яшчэ і штраф далі. У нейкай іншай, нармальнай краіне, калі пра такую гісторыю раскажаш, дык табе веры не дадуць, вырашаць, што прыдумаў, нагаворваеш на ўладу.

А я вам скажу як былы міліцыянт, што калі для часткі грамадзян нейкія ахоўныя функцыі дзяржавы не працуюць, дык гэта будзе пашырацца і дойдзе да ўсіх. То бок калі гэта неяк не спыніць, калі з боку грамадзтва ня быць салідарнымі з гэтымі людзьмі, дык гэта стане нормай для ўсіх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG