Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дрозд прэзэнтаваў «Бунт Батанікаў»


Зьміцер Дрозд
Зьміцер Дрозд

14 сакавіка ў Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі гісторыка, архівіста Зьмітра Дразда «Бунт Батанікаў». На прэзэнтацыю прыйшлі былыя палітвязьні, якія пасьля падзеяў Плошчы-2010 таксама трапілі за краты — Ірына Халіп, Алесь Міхалевіч, Сяргей Казакоў, Алесь Кіркевіч, а таксама паплечнікі з «Эўрапейскай Беларусі», калегі-архівісты, сябры дзяцінства.

Адкрыў імпрэзу 13-гадовы саліст гурту «Без сэкунднай стрэлкі» Мсьціслаў Церашкоў. Ён выканаў «Сола беларускае — давайце засьпяваем» па матывах вядомага гіта Тота Кутуньё, сыграў на флейце папулярныя мэлёдыі.

Новая кніга Зьмітра Дразда — шостая па ліку. Гэта дзёньнік, які былы палітвязень вёў зь першага дня затрыманьня, падчас сьледзтва, судовага працэсу, увесь час зьняволеньня ў Бабруйскай калёніі і да самага вызваленьня.

«Гэта не мэмуары, гэта своеасаблівы рукапісны „онлайн“ тых падзеяў. Кніга гэтая „шматузроўневая“: акрамя хронікі, успамінаў, тут шмат дакумэнтаў, фатаздымкаў, пратаколаў. „Батанік“ — гэта „акулярык“, завучка, выдатнік. Але для мяне „батанік“ — гэта перш за ўсё чалавек творчы, інтэлігентны. Таму я ў назьве гэтае слова пішу зь вялікай літары».

Усім сваім сябрам, калегам Зьміцер асабіста падараваў кнігу і даў слова.

Вольга Гулецкая, рэдактарка кнігі, сказала, што вельмі рада бачыць яе герояў:

«Пакуль ёсьць у нас такія „батанікі“, такая таленавітая моладзь — жыве Беларусь!»

«Зь Сяргеем Казаковым можна ня толькі хадзіць у разьведку, але і сядзець у турме», — так прадставіў Зьміцер аднаго з герояў кнігі.

«У Бабруйскай калёніі, у карантыне мы зь Сяргеем атрымалі кантрабанду — марозіва „плямбір“. Гэта было самае смачнае марозіва ў маім жыцьці...» — узгадвае Зьміцер Дрозд.

Алесь Кіркевіч, які таксама адседзеў за Плошчу, кажа:

«Я вельмі рады, што сярод нас быў прафэсіянал, гісторык і архівіст, які мог з навуковага боку ўсё занатаваць. Будзе каму ў свой час корпацца ў архівах Шуневіча».

Кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч заўважыў:

«Ёсьць людзі, якія ўсё апісваюць. Ад мяне, чалавека, які так і не напісаў кнігу, бо не хацеў узгадваць непрыемнае, цяжкае — вялікая ўдзячнасьць Зьмітру за гэтую кнігу».

Журналістка Ірына Халіп, таксама былы палітвязень, кажа:

«Калі пасьля адседкі я ўпершыню ўбачыла Дразда, я пра сябе і падумала: „Які батанік, інтэлігент. І ён мог граміць Дом ураду?“ Калі я перабіраю ў памяці ўсіх, хто адседзеў за падзеі 2010 году — Някляева, Саньнікава, Радзіну, Дразда, Казакова і многіх іншых, я перакананая — мы б краіну пацягнулі элемэнтарна. Я б назвала гэта бунтам прафэсіяналаў, кваліфікаванай меншасьці! Мы адыгралі сваю ролю. Калі сустракаемся мы, „дзекабрысты“, узгадваем „амэрыканку“. На мой погляд, такія кнігі павінны існаваць, і іх павінна быць шмат. Такую кнігу павінен быў напісаць кожны, хто адседзеў. Каб спрасьціць працу архівістам наступных пакаленьняў».

Гісторык-архівіст Вольга Бабкова назвала Зьмітра Дразда чалавекам-інстытутам, сьветлай галавой. Узгадала народную мудрасьць: «Памяць чалавечая вельмі кароткая, калі б пісьмом папіраная не была». Таму, кажа яна, вельмі важна ўсё занатаваць.

Зьміцер Дрозд паабяцаў, што ідэй і напрацовак у яго процьма, таму прэзэнтацыяў будзе яшчэ шмат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG