Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Пуціна на 4 дні ляціць прэзыдэнт Чэхіі, які выступае за скасаваньне санкцыяў


Уладзімір Пуцін і Мілаш Зэман, архіўнае фота
Уладзімір Пуцін і Мілаш Зэман, архіўнае фота

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман 21 лістапада распачне візыт у Расею. Заплянаваныя сустрэчы і перамовы з Уладзімірам Пуціным, Дзьмітрыем Мядзьведзевым, Міхаілам Гарбачовым, шэрагам губэрнатараў, палітыкаў і прадпрымальнікаў, вэтэранамі Другой усясьветнай вайны.

Візыт мае быць самым масавым у гісторыі чэска-расейскіх стасункаў: разам з Зэманам прыляцяць 130 прадпрымальнікаў і міністар прамысловасьці і гандлю, яны зоймуць тры самалёты. Візыт будзе цягнуцца чатыры дні, дэлегацыя наведае Маскву, Сочы і Екацярынбург.

У ліку мэтаў візыту называецца павелічэньне экспарту чэскіх тавараў у Расею — таваразварот упаў з колішніх 5,5 млрд даляраў за год да 3 млрд. Але экспарт у Расею — гэта толькі 3-4% ад агульнага экспарту Чэхіі. Візыт разглядаюць як сыгнал чэскім выбарнікам: 12–13 студзеня ў Чэхіі пройдуць прэзыдэнцкія выбары.

Зэман ня ўтойвае аптымізму наконт візыту: ён казаў, «прэзыдэнт Пуцін мяне запрасіў у Сочы, я гэтае запрашэньне з радасьцю прымаю, таму што яно ў пэўнай ступені ёсьць узнагародай».

Ён адкрыта выступае за скасаваньне антыкрамлёўскіх санкцыяў Захаду, якія, паводле яго, шкодзяць ня толькі расейскай, але і чэскай эканоміцы. Зэман называў анэксію Расеяй украінскага Крыму «фактам, што адбыўся», але ўрад Чэхіі ня раз падкрэсьліваў, што Зэман ня мае паўнамоцтваў прызнаваць анэксію (пасада прэзыдэнта ў Чэхіі хутчэй цырыманіяльная), а ў самой Чэхіі праходзілі масавыя акцыі пратэсту супраць словаў прэзыдэнта пра Крым. Шэраг чэскіх палітыкаў называў пазыцыю Зэмана здрадай — маўляў, прэзыдэнт адстойвае расейскія, а ня чэскія інтарэсы.

Акцыя пратэсту ў Празе, 2014 год
Акцыя пратэсту ў Празе, 2014 год

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG