Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка адказаў Зэману наконт Крыму


Пятро Парашэнка выступае на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, Страсбур, 11 кастрычніка 2017
Пятро Парашэнка выступае на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, Страсбур, 11 кастрычніка 2017

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка скрытыкаваў заяву свайго чэскага калегі Мілаша Зэмана, які падчас выступу на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) назваў анэксію Крыму «завершанай справай» і прапанаваў Украіне дамовіцца з Расеяй аб кампэнсацыі.

«Рашуча адпрэчваю заявы тых, хто кажа пра Крым як пра «завершаную справу». Трыбуна ПАРЭ была створаная не для заклікаў гандляваць тэрыторыямі за грошы, нафту або газ. Гэтая трыбуна была створаная для абароны нашых асноваў, нашых каштоўнасьцяў і нашых прынцыпаў. Такая неабходнасьць наступіла сёньня», — сказаў Парашэнка 11 кастрычніка, выступаючы на сэсіі ПАРЭ ў Страсбуры.

10 кастрычніка прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман, выступаючы на сэсіі ПАРЭ, сказаў, што анэксія Крыму Расеяй — «зьдзейсьнены факт», і дапусьціў магчымасьць «пэўнай кампэнсацыі» за анэксію «ў фінансавай форме» або «нафтай ці газам». Ён таксама чарговы раз выступіў супраць дзейных санкцыяў ЭЗ у дачыненьні да Расеі за яе палітыку адносна Ўкраіны, назваўшы іх «неэфэктыўнымі». Зэман падкрэсьліў, што выказвае асабістую пазыцыю.

Заява Зэмана выклікала абурэньне афіцыйнага Кіева. А прэмʼер-міністар Чэхіі Богуслаў Собатка заявіў, што выступ прэзыдэнта краіны супярэчыў зьнешняй палітыцы краіны і быў зроблены без узгадненьня з урадам.

Цяперашні ўрад Чэхіі прытрымліваецца скаардынаванай пазыцыі Эўразьвязу, у прыватнасьці, не прызнае анэксіі Крыму, і мяркуе, што здымаць санкцыі пакуль немагчыма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG